Сабака – і сябар, і найлепшы вартаўнік

Пра будні супрацоўнікаў, подзвігі службовых сабак і многае іншае даведаліся выхаванцы з прышкольнага лагера “Сонейка” СШ № 1 г. Докшыцы падчас экскурсіі ў раённае аддзяленне Дэпартамента аховы. Іх гасцінна сустрэў камандзір спецыяльнай групы ўзвода міліцыі Дзмітрый Пусташыла, які не ўпершыню знаёміў дзяцей з асаблівасцямі службы ахоўнікаў. Не паспелі хлопчыкі і дзяўчынкі пераступіць цераз парог, як радасна загаманілі: перад імі сядзеў адзін з галоўных вартаўнікоў – двухгадовы службовы сабака Забір.

Докшицы 2

Докшицы3

У аддзеле служыць пяць чатырохлапых памочнікаў, – удакладніў Дзмітрый Дзмітрыевіч. – У кожнага свой кінолаг і спіс раскрытых злачынстваў.

Забіра даглядае і трэніруе Ігар Азерскі, які тут жа прадэманстраваў уменні і магчымасці сабакі. Кінолагі рыхтуюць сваіх выхаванцаў да многіх непрадбачаных жыццёвых сітуацый. У выніку сабакі шукаюць людзей, якія заблудзіліся або пацярпелі ад стыхійных бедстваў, а таксама абясшкоджваюць небяспечных злачынцаў. Пасля паказальных выступленняў чатырохлапага ахоўніка на паласе перашкод дзяцей запрасілі ў вучэбны клас. Там ахвотныя ў сваіх руках патрымалі муляжы зброі, пагарталі спецыяльныя часопісы, пазнаёміліся з выставамі пагонаў, нашывак, значкоў, галаўных убораў ранейшых узораў, тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў ахове, а таксама атрымалі адказы на ўсе свае “чаму?”

З пачатку школьных канікулаў з экскурсіямі ў раённае аддзяленне аховы завіталі наведвальнікі амаль усіх лагераў устаноў адукацыі горада.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.