Изображение 058

Кашалёк знайшоў гаспадыню

У рэдакцыю звярнулася наша пастаянная чытачка Надзея Адамовіч з Замасточча. Жанчына была ў расчуленым настроі, калі распавядала сваю гісторыю:
– У канцы лістапада падвячоркам я выходзіла з крамы ў Бягомлі і, пэўна, пакуль ішла ад гандлёвай кропкі да машыны, згубіла кашалёк. А ў ім – вялікая сума грошай, усе банкаўскія карткі, паролі да іх, квітанцыі за плацяжы. Заўважыла гэта толькі па дарозе дадому. Вярнуліся хуценька з мужам на тое месца, абгледзелі кожны сантыметр – нічога няма, паехалі да сметнікаў у надзеі, што той, хто знайшоў кашалёк, магчыма, грошы забраў, а астатняе выкінуў. У хваляванні прайшло з гадзіну, і раптам на мабільны патэлефанавалі. Незнаёмы мужчына пацікавіўся, ці не губляла я чаго. “Кашалёк!” – закрычала я. Якой велізарнай была палёгка, калі ў адказ паведамілі, што прапажу знайшлі супрацоўнікі райаддзела аховы Аляксандр Падляшчук і Сяргей Макараў. Папыталіся, дзе зручней аддаць знаходку.
Надзея Сцяпанаўна прызналася, што расказвае пра гэты высакародны ўчынак хлопцаў усім знаёмым. Рашыла аддзячыць іх добрым словам і на старонках раённай газеты. Яна дадала, што, калі выказвала ўдзячныя словы міліцыянерам асабіста, пачула ад Аляксандра: “Мы людзі ў пагонах і па-іншаму весці сябе не маглі.” Дарэчы, знайсці гаспадыню кашалька дапамаглі квітанцыі аплаты за камунальныя паслугі.

Наталля НАВІЦКАЯ.

«Родныя вытокi»