Падзяка ад камандавання

Нейкі ж ён занадта сур’ёзны, занадта “дарослы” для сваіх дваццаці двух гадоў. Пазіраю на Сяргея і імкнуся зразумець, калі ж ён паспеў гэдак вырасці і стаць такім правільным ды сур’ёзным? Дзіва што! УКантакце, як кожны амаль яго равеснік, не “завісае”.
— Яшчэ перад службаю ў войску нам рэкамендавалі з сацыяльных сетак сысці, — даводзіць хлопец, — служба ў нас такая, такая прафесія.
— А музыку дзе слухаеш? А фільмы дзе глядзіш? А з дзяўчатамі дзе ўрэшце знаёмішся?
— Музыку? Мне і магнітолы ў машыне хапае. А фільмы можна і па тэлевізары паглядзець, калі ёсць час. А сустрэчы лепей рэальныя,чым віртуальныя. Зрэшты, пакуль што жаніцца не планую.
Дык яно ж такія рэчы і не плануюцца, а неяк яно само выходзіць і прыходзіць. Ды не, паглядзець на гэтага сур’ёзнага не па гадах юнака, то меней за ўсё прыходзяць у галаву дзяўчаты…
Дзе ж ён вырас, на чым выхоўваўся, што падштурхнула яго ў праваахоўнікі?
Ды нічога няма ў яго біяграфіі такога ўжо незвычайнага. Нарадзіўся ў Стаях, аднак у вёсцы, можна сказаць, і не жыў. Нават не памятае, гады тры, мусіць, было, калі сям’я ў горад пераехала. Жывуць у Забаенні – практычна ў горадзе. Вучыўся ў СШ №3 і няблага вучыўся. Мог бы і ў інстытут паступіць, ды чамусьці пра вышэйшую адукацыю не думаў, а падаўся, зноў жа, куды і большасць равеснікаў – у каледж. Вырашыў стаць будаўніком. Ці вырашыў? Ці заўсёды асэнсаваным бывае падлеткавы выбар? Ва ўсякім разе, быў нават і задаволены, калі на першай працы, куды размеркавалі, у ПМС у Мінску, не знайшлося вакансій. Яму яшчэ тады, перад арміяй, раптам захацелася ў міліцыю. Ды патрэбна была адпрацоўка. І ён месяцы на тры ўладкаваўся майстрам у каледж. А служыць трапіў акурат ва ўнутраныя войскі. Выпадковасць? Як бачым, нічога не бывае ў жыцці выпадковага. І службу адразу ўпадабаў, і калектыў, кажа, трапіўся добры. Роту сваю армейскую нахвальвае. І з сябрамі “па зброі” з іншымі дык і дагэтуль сувязяў не парывае. Напрыклад, з Жэнькам Кучынскім з Глыбокага. Былі і землякі – з Каменя, са Старага Лядна.
І нездарма кажу, што сябры па зброі, бо служыў Сяргей Мірановіч, хоць і ў міліцэйскіх войсках, ды майстрам па рамонце зброі быў. Сядзіш у майстэрні, лічы, пад замком, працуеш. І ніхто цябе не турбуе. Мог толькі начальнік ці яго намеснік зайсці.
Службовая практыка і майстэрства спатрэбіліся і ў аддзеле Дэпартаменета аховы, куды ўжо неўзабаве пасля войска паступіў на службу. І асабліва прыдалося тое майстэрства ў вучэбным цэнтры.
Улетку заключыў кантракт у міліцыі, і яго тут жа накіравалі ў вучэбны цэнтр – у вёску Гарані на Міншчыну. Займаліся па поўнай праграме – фізічная, юрыдычная, агнявая падрыхтоўка, спецыяльная – звязаная з ахоўнай дзейнасцю: адпрацоўвалі тактыку дзеянняў пры ахове аб’екта, пры аглядзе, пры выездзе на ахоўны аб’ект. Асвойвалі навыкі валодання агнястрэльнай зброяй. А што яму было асвойваць зброю, калі ў арміі яе рамантаваў. Дарэчы, і ў вучэбным цэнтры, даведаўшыся пра яго майстэрства, часам прасілі сёе-тое падладзіць. Ніколі не адмовіў. Чаму не дапамагчы, калі ўмееш, ды і часу вольнага хапае. Кіраўніцтва цэнтра засталося вельмі задаволенае курсантам. І Сяргей Мірановіч трапіў у лік трох чалавек з вобласці, хто атрымаў падзяку камандавання цэнтра. Не толькі за рукі залатыя, у яго і іншыя паказчыкі аказаліся дастаткова высокімі.
Малады, а яму давяраюць ахоўваць даволі сур’ёзныя аб’екты. Спадзяюцца, не падвядзе. І спадзяюцца нездарма, да службы ставіцца хлопец з надзвычайнай адказнасцю.
Дык калі ж ён вырас, гэты звычайны, даволі шустры падлетак, сын вальшчыка лесу і прадаўца? Ён зусім не быў у дзяцінстве “батанікам”, а хутчэй наадварот – любіў вясёлыя шумныя кампаніі, ганяў з дзяцінства ў футбол, валейбол, так што дома, як кажуць, не стыкаўся. А ў школе, апрача ўрокаў фізкультуры, асабліва нічым і не захапляўся. Ды раптам – знайшоў прызванне. І сталасць пакрысе адолела юнацкую бестурботнасць, прафесія – загартавала характар.
Сапраўдны мужчынскі характар гартуецца не столькі ў вучэбных аўдыторыях, бібліятэках і лабараторыях, колькі на бегавых дарожках, на турніках, на паласе перашкод, на палігонах і стрэльбішчах. І вядома ж, гартуецца ён на адказнай працы, за якую рана ці позна бярэцца кожны сапраўдны мужчына.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: міліцыянер узводу аховы Сяргей Мірановіч.
Фота аўтара.