Служым разам

Служым разам

Мужчынскае царства сям’і Камянецкіх. Сям’я Вадзіма і Людмілы Камянецкіх у Докшыцкім аддзеле Дэпартамента аховы вельмі прыкметная. Сужэнцы з тых пар, якія, як кажуць, манціруюцца разам. Абое статныя, прыгожыя, спартыўныя. Ён – міліцыянер-вадзіцель групы затрымання, яна – спецыяліст па кадравай рабоце. Іх сыны – як люстраныя адбіткі таты і мамы. Дзесяцігадовы Радзівон пераняў ад бацькі выдатныя спартыўныя здольнасці. Камянецкі старэйшы – заўзяты спартсмен. Футбол і шматбор’е – яго канёк. І трэніруецца Вадзім не ад спаборніцтваў да спаборніцтваў, а рэгулярна. Да таго ж, практычна ніводзін яго дзень у любое надвор’е не абыходзіцца без пяці-сямі кіламетровай прабежкі. Для хлопчыка таксама няма лепшага ў свеце падарунка, чым, новыя буцы ці сапраўдны скураны мяч. А яшчэ ён валодае вакальнымі і артыстычнымі здольнасцямі і спявае ў вакальным калектыве ДШМ імя Н. Сакалоўскага. У райаддзеле дэпартамента аховы ніводнае прафесійнае свята не абыходзіцца без канцэртнай праграмы. Радзівон Камянецкі заўжды бярэ ў ёй самы актыўны ўдзел, а на 8 сакавіка ён спявае для жанчын райаддзела, сярод якіх заўжды шукае цёплы позірк матулі. А вось пяцігадовы Дземід – мамін сын. Дапытлівасць і ўнутраны спакой, нягледзячы на зусім маленькі ўзрост, ужо спалучаюцца ў ім як і ў мамы – Людмілы. Дарэчы сёлетняй вясной споўнілася дваццаць гадоў, як яна прыйшла на працу ў Дэпартамент аховы. – Прыгадваю канец дзевяностых, калі з працай у райцэнтры было мякка сказаць “туга”, – расказвае Людміла. – Людзі радаваліся любой магчымасці ўладкавацца ў дзяржаўную арганізацыю, а тым больш у прэстыжны Дэпартамент аховы, якім кіраваў на той час Леанід Гамановіч. На пасаду звычайнай машыністкі быў сапраўдны кастынг. Некалькі месяцаў я, разам з іншымі прэтэндэнтамі праходзіла выпрабаванне на хуткасць і граматнасць друкавання, аператыўнае выкананне даручэнняў і нарэшце была прынята на працу. Пакрысе атрымала вышэйшую адукацыю і з 2005 года працую ў кадравай службе. Дарэчы, стварэнню сваёй сям’і сужэнцы Камянецкія абавязаны толькі Дэпартаменту аховы. Іх знаёмства адбылося менавіта на працы. Там жа ўзнікла пачуццё, якое вось ўжо больш за дзесяць гадоў мацуе гэтую пару, у якой – ён галоўны, бо мужчына, гаспадар і тата, а яна – лагодная клапатлівая маці і выдатная гаспадыня, якая добра ўсведамляе, што каб быць “за мужам”, неабходна не выстаўляць сваё жаночае “я” на першы план і яшчэ ганарыцца гэтым. Менавіта тады ў царстве мужчын, якое акружае Людмілу і на працы і дома заўжды застанешся сапраўднай жанчынай. Наталля НАВІЦКАЯ. Фота аўтара.