IMG_1744

“Тэрмінова! На выезд!”

Група затрымання – гэта каманда вартавых правапарадку, якія імгненна рэагуюць на спрацоўку ахоўнай сігналізацыі ў доме, сігнал трывожнай кнопкі ў краме ці банку, які атрымлівае дзяжурны пульта ўпраўлення раённага аддзела Дэпартамента аховы. Байцы гэтага спецфарміравання першымі з’яўляюцца і на месца злачынства. Міліцыянер-кінолаг Сяргей Батвінкоў і міліцыянер-вадзіцель Марат Сухарэвіч служаць амаль па пятнаццаць гадоў, іх стаж вымяраецца не адной сотняй выклікаў, не адной тысячай кіламетраў на маршруце патрулявання. За гэты час міліцыянеры ўпэўніліся, што работа ў ахове не для кожнага, хаця самі трапілі сюды выпадкова, але затрымаліся на дзесяцігоддзі. Прызнаюцца, што ахова чымсьці нагадвае армейскую службу: дысцыпліна, адказнасць, загартоўка мужнасці і сілы, выпрацоўка стрыманасці і цярпення. Звычайна група затрымання складаецца з двух байцоў, асноўная задача якіх – аператыўна адрэагаваць на любую сітуацыю, адначова ахоўваючы парадак у раёне маршрутаў патрулявання. Заўсёды як след экіпіраваныя, гатовыя да любой сітуацыі, едуць на выклік. Спадарожнікам байцоў заўсёды з’яўляецца сабака. За час службы ў Сяргея іх было тры. Нямецкая аўчарка Найс, малады, але разумны сабака, служыць два гады. З ім спакайней і надзейней. Апошнім часам у аддзел прыходзяць служыць маладыя хлопцы. – Прыемна, што моладзь у большасці сваёй разумее ўсю адказнасць работы ахоўнікаў, – зазначае Марат Сухарэвіч. – Аднак не ўсе затрымліваюцца ў аддзеле. Форма ахоўніка пасуе многім, але апранаючы яе, трэба ведаць, што разам з пагонамі на плечы ўскладаюцца абавязкі. Малодшы сяржант Аляксандр Шарох яшчэ і года не працуе ў Докшыцкiм аддзеле, але добра разумее сутнасць службы ў групе затрымання, хутка вучыцца і кажуць, што з яго будзе толк. Хлопец прыйшоў у аддзел пасля службы ў арміі. Зараз атрымлівае бясцэнны вопыт, асабліва калі працуе побач са сатрэйшымі калегамі. Ён лічыць, што пакуль не пабываеш у пэўнай сітуацыі, не навучышся дзейнічаць правільна. – Гарадок у нас невялікі, адносна ціхі і спакойны, ды і людзі, у большасці сваёй, з паразуменнем ставяцца да нашай справы, – гаворыць Сяргей Батвінкоў і, гледзячы на малодшага сяржанта Шароха, дадае: – ды і годная змена падрастае. А гэта значыць, што можна не хвалявацца за правапарадак на тэрыторыі раёна.

IMG_1735

Таццяна САКОВІЧ

Фота аўтара