IMG_20561

Зладжаныя дзеянні

Зладжаныя дзеянні дапамаглі міліцыянеру-кінолагу групы затрымання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь Аляксею Талайку і вадзіцелю Андрэю Якубовічу заваяваць трэцяе месца ў абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства. Аляксей у органах унутраных спраў служыць амаль два дзесяцігоддзі. Яго прызванне — кіналогія. Бакс — чацвёрты сабака, якога выдрысіраваў. З ім працуе трэці год. Кантакт наладжаны, і гэта вельмі важна, каб і на спаборніцтвах, і ў паўсядзённай службе было ўзаемаразуменне паміж гаспадаром і жывёлінай. — Бакс — бельгійскай пароды, — расказваў Аляксей. — Вельмі актыўны, вёрткі. Да яго былі нямецкія аўчаркі. Яны больш спакойныя. З гэтым сабакам працаваць цікава. Яшчэ ні разу ён мяне не падвёў. І на спаборніцтвах дакладна выконваў каманды: рабіў выбарку рэчаў, браў след і г. д. Мы з ім паспяхова пераадолелі паласу перашкод, затрымалі ўмоўнага злачынцу, выконвалі іншыя заданні. Акрамя тэарэтычнага экзамену, праграма спаборніцтваў уключала ў сябе стральбу з табельнай зброі. Канкурсанты дэманстравалі ўзровень валодання баявымі прыёмамі барацьбы, уменне аказваць першую медыцынскую дапамогу. Для вадзіцеля галоўным было на хуткасць па-майстэрску выканаць элементы фігурнага ваджэння аўтамабіля. Агульнакаманднае выпрабаванне — распрацаваць тактыку дзеянняў пры паступленні сігналу «Трывога» з ахоўваемага аб’екта. Неабходна было ў найкарацейшы тэрмін прыбыць туды і выявіць парушальніка, абясшкодзіць яго, выконваючы меры бяспекі. — У нашым аддзяленні вялікая ўвага надаецца тэарэтычнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, — расказвалі Аляксей і Андрэй. — Маем вопыт практычный работы. Выконваючы службовыя абавязкі, мы кіруемся законам і канфліктную сітуацыю імкнёмся вырашыць шляхам перамоў. Калі такія меры не забяспечваюць належнай аховы, з мэтай уласнай бяспекі маем права прымяніць спецыяльныя сродкі, у тым ліку баявыя прыёмы рукапашнага бою. На аглядзе-конкурсе выконвалі тое, што робім кожны раз, заступаючы на дзяжурства. Няхай не так часта прыходзіцца затрымліваць злодзеяў, парушальнікаў, але гатовымі да гэтага трэба быць пастаянна. Так як і да прыезду хуткай дапамогі аказаць першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу. Конкурс завяршыўся, пачаліся працоўныя будні, падчас якіх неаднаразова прыйдзецца здаваць экзамен жыццю.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч