ПА “ГАРАЧЫХ” СЛЯДАХ

Раскрыць злачынства па “гарачых” слядах ушацкім праваахоўнікам нядаўна дапамаглі супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы. У вёсцы Рагуцкія нячысты на руку грамадзянін выкраў у свайго аднавяскоўца тэлевізар і прыстаўку “зала”. На месца здарэння накіраваўся міліцыянер-кінолаг А.Бутоўскі. Службовы сабака Жак адразу ўзяў след і прывёў на парог адной з сядзіб. Зламыснік знаходзіўся дома і хутка прызнаўся, дзе схаваў выкрадзеную маёмасць. Абараніць сваё жыллё ад такіх нечаканых гасцей дапаможа ахоўная сігналізацыя, асабліва гэта актуальна там, дзе гаспадары надоўга пакідаюць домаўладанні. Бо пры іх адсутнасці ў выпадку крадзяжу верагоднасць выявіць злодзея па “гарачых” слядах зводзіцца да мінімуму. Дарэчы, сваё прафесійнае майстэрства кінолагам і іх чацвераногім напарнікам прыходзіцца пацвярджаць не толькі падчас такіх вось выездаў, а і пры здачы экзаменаў. Так, нядаўна паспяхова іспыты прайшлі нашы супрацоўнікі Андрэй Бутоўскі і Дзмітрый Кемстач, высокую адзнаку спецыялісты з Віцебска паставілі і нашым службовым сабакам.

У.ЧУМАКОЎ, начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы