IMG_8690

Пазнаёміліся з аховай

У канцы студзеня ў Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Яго гасцямі сталі вучні 10 і 11 класаў СШ №1. Спачатку школьнікаў запрасілі ў актавую залу, дзе камандзір узвода міліцыі прапаршчык Яўгеній Патапчук расказаў пра аддзяленне аховы: якія ў ім існуюць падраздзяленні і чым яны займаюцца, колькі аб’ектаў у раёне знаходзіцца пад пультавой, міліцэйскай і вартавой аховай. Каб у старшакласнікаў склалася больш поўнае ўяўленне пра ўсё, ім паказалі два невялікія відэафільмы — пра дзейнасць Дэпартамента аховы рэспублікі і будні супрацоўнікаў Пастаўскага аддзялення. Трэці фільм апавядаў пра тое, каго запрашаюць на службу ў ахову і якія патрабаванні прад’яўляюцца да кандыдатаў. Затым міліцыянер узвода міліцыі прапаршчык Аляксандр Раковіч пазнаёміў вучняў са зброяй, тэхнічнымі сродкамі і сродкамі абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія дапамагаюць ім ажыццяўляць ахоўную дзейнасць, а ў экстранных выпадках — і ўратаваць уласнае жыццё. Сярод прадстаўленага былі пісталеты і аўтамат, устройства для відэа- і аўдыёзапісу “Дазор”, металічная каска, супрацьударны ахоўны шлем, металашукальнік, наручнікі, гумовая палка, бронекамізэлька, спецыяльны шчыт і шчыткі для абароны розных частак цела. Расказваючы пра зброю, Аляксандр прыводзіў яе характарыстыкі: баявую скарастрэльнасць, ёмістасць магазіна, прыцэльную далёкасць выстралаў і інш., пра тэхнічныя сродкі і сродкі абароны — для чаго прызначаны і як выкарыстоўваюцца. Усё пералічанае школьнікі маглі разгледзець бліжэй і памацаць. Таксама ім прапанавалі прымерыць на сябе поўную экіпіроўку супрацоўніка міліцыі. Ахвотныя зрабіць гэта, хоць і не адразу, але знайшліся. Апошнім пунктам знаёмства вучняў з Пастаўскім аддзяленнем Дэпартамента аховы стала паказальнае выступленне кінолага са службовым сабакам. Чатырохногі ахоўнік парадку прадэманстраваў свае ўменні ў вучэбным кіналагічным гарадку і пры затрыманні ўмоўнага злачынца.

Алена Шапавалава. Фота аўтара