Юныя сябры сілавікоў

У дзень нараджэння маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які, пачынаючы з 2012 года, адзначаецца ў нашай краіне 6 лютага, мясцовыя прадстаўнікі руху і сілавых структур сустрэліся ў райвыканкаме на адкрытым дыялогу, каб падвесці вынікі работы за мінулы год, надаць новы імпульс супрацоўніцтву. Раённы штаб МААП ГА «БРСМ» «Альфа» быў арганізаваны тры гады назад. Сёння ён налічвае 7 атрадаў, у якія ўваходзяць 78 чалавек. Атрады «Факел» і «Метад» першай і другой гарадскіх школ цесна супрацоўнічаюць з аддзелам унутраных спраў райвыканкама. Юнакі і міліцыянеры разам дзяжураць у месцах масавага адпачынку моладзі і на раённых мерапрыемствах. Хлопцы з «КАПа» («Каб ахоўваць правапарадак», СШ №3), «Патруля» і «911» (абодва — каледж) знайшлі сябе ва ўзаемадзеянні з РАНС. Разам з моладдзю пажарныя ладзяць акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!», «Бяспека ў кожны дом!», «Летні патруль» і інш. Узаемадзеянне атрадаў «Дазор» (СШ №4) і «Забойная сіла» (гімназія) з ваеннаслужачымі пагранкамендатуры «Паставы» і воінскай часці 25888 раскрыла новыя формы работы па патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Як годна служыць грамадству, у тым ліку на ніве дабрачыннасці, МААПаўцы могуць павучыцца ў ваеннаслужачых шпіталя і супрацоўнікаў Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Беларусі, якія актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху. Як удасканаліць наладжаную работу? У якой форме праводзіць заняткі па падрыхтоўцы і навучанні членаў маладзёжных атрадаў аховы правапарадку? Якія патрабаванні прад’яўляюцца да абітурыентаў і тых, хто ўладкоўваецца на службу ў сілавыя структуры? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з гасцямі адкрытага дыялогу. Экспертамі выступілі старшы інспектар групы кадраў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Генюш, начальнік аддзялення аховы Вадзім Крыштафовіч і начальнік пагранкамендатуры «Паставы» Раман Строганаў. А паколькі аўдыторыя была мэтавай, то і зацікаўленасць — максімальнай. Хлопцаў у асноўным цікавілі тыя пытанні, адказы на якія нельга знайсці ў інтэрнэце: як не здацца падчас праходжання курса маладога байца, колькі прыблізна курсантаў яго не вытрымліваюць, працягласць канікулаў і г.д. Курыравала дыялог другі сакратар райкама БРСМ Анастасія Баглікава. Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджаннем найлепшых удзельнікаў маладзёжнага праваахоўнага руху. Яго правяла маладзёжны лідар Пастаўшчыны Вераніка Казлоўская. Падзякі райкама БРСМ аб’яўлены Ягору Грэську, Анатолію Кустрэю, Ігару Шубельку, Дзмітрыю Будзько, Валянціну Есьману і сілавым структурам раёна. А пагранічная камендатура «Паставы» як найлепшае сілавое падраздзяленне па выніках рэалізацыі ў мінулым годзе вядучых праектаў маладзёжнай арганізацыі атрымала яшчэ і кубак. Граматамі райкама ўзнагароджаны Мацвей Курашэвіч, Уладзіслаў Чатовіч і Ігар Нежавец. Прадоўжылася святкаванне дня нараджэння МААП у суботу на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». Тут сілавікі і іх юныя памочнікі правялі турнір па лазертагу. Лідарам сярод МААПаўцаў стала зборная каманда СШ №3, сярод сілавых структур не было роўных пагранкамендатуры «Паставы».

Вераніка Філановіч. Фота аўтара