1

АХОВА. У новы год – ды на заслужаны адпачынак

31 снежня ў актавай зале Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адбылася развітальная сустрэча з шаноўнымі супрацоўнікамі Данатай Віктараўнай Герасімавай і Зояй Генадзьеўнай Мацур. Вартаўніц з вялікім стажам праводзілі на заслужаны адпачынак. Начальнік аддзялення Міхаіл Часлававіч Пракопчык адзначыў, што на складаным працоўным шляху вартаўнікі перажылі шмат розных сітуацый, аднак заўсёды адказна выконвалі свае службовыя абавязкі. – Адначасова радасны і сумны момант развітання. Пра надзейных нашых супрацоўніц прыгадваю толькі станоўчыя моманты, усе пытанні вырашалі зладжана. Выказваю словы падзякі за тое, што шмат год былі з намі, годна праходзілі працоўныя іспыты, – адзначыў Міхаіл Часлававіч. Даната Віктараўна Герасімава аддала службе аховы пятнаццаць год, а Зоя Генадзьеўна Мацур – дваццаць сем! Працавалі па пастах на мясакамбінаце, хлебазаводзе, медскладах, райвыканкама і і іншых. Да аховы Даната Віктараўна працавала закройшчыцай трыкатажнага цэха мясцовага РКБА, пасля некалькі год – у сферы гандлю прадаўцом. Пра вакантнае месца ў ахове калісьці падказала сяброўка. Даната Віктараўна прыгадвае, што з цікаўнасцю вырашыла паспрабаваць, – і ўсё атрымалася. Зоя Генадзьеўна таксама калісьці пачынала працоўную біяграфію са швейнай справы на фабрыцы ў Віцебску. Пасля заканчэння завочнага аддзялення тэхналагічнага тэхнікума прыехала ў Міёры, працавала ў РКБА брыгадзірам, затым у аграхімлабараторыі. Прапанаваў службу вартаўніка ў ахове Сяргей Паўлавіч Тронькін, на той час займаў у аддзяленні пасаду брыгадзіра. Адпрацаваць у ахове днямі і начамі, будні і святы – не поле перайсці. Зоя Генадзьеўна прыгадвае, што хапіла на яе шляху рознага – прыходзілася не раз затрымліваць за крадзеж, чым магла нажыць сабе і непрыяцеляў, службу ж старалася несці годна. Шмат год аддала пасту на мясакамбінаце, апошнія гады перад выхадам на пенсію шчыравала на пасту раёна электрасетак. З ноткамі суму жанчыны развітваліся з калектывам. На памяць ім уручылі кветкі і каштоўныя падарункі. Паступова будуць адвыкаць ад ранейшага працоўнага рытму з начнымі зменамі. Разам з тым, цяпер для іх адкрываюцца новыя магчымасці: спакойна заняцца любімымі справамі, больш часу ўдзяляць родным і блізкім.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ. Фота аўтара.