Юньковский СДК (2)

Ад 4 да 75 гадоў

Такі ўзрост удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Юнькаўскага СДК. Амаль усіх іх я ўбачыла падчас святкавання 80-годдзя з дня ўтварэння Юнькаўскага сельскага Савета, якое ладзілася ў Доме культуры сёлетняй восенню. Прыемна ўразіла вялікая колькасць сама­дзейных артыстаў, разнастайнасць канцэртнай праграмы. Найперш хачу сказаць пра жаночы народны клуб «Юнчанка». Усе яго ўдзельніцы — а іх зараз 15 — пенсіянеркі. Найстарэйшай 75 гадоў. — Аднак паважаны ўзрост — не перашкода для творчасці, — адзначыла дырэктар СДК Алена Зубко. — У ліку самых актыўных Ірына Васкрасенская, Галіна Гродзь, Галіна Якубовіч, Таццяна Кустра, Наталля Абрамовіч, Зінаіда Азаронак і іншыя. У рэпертуары «Юнчанкі» — народныя песні, і яны кранаюць сэрцы гледачоў. Да нядаўняга часу калектывам кіравала Вольга Нікалаева, зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Акампануюць спявачкам Карына Волкава і Аксана Нікалаева. Калектыў дружны, зладжаны, творчы. Шмат яркіх уражанняў дораць гледачам дарослыя і дзіцячыя калектывы: вакальныя «Венера» і «Вясёлыя ноткі», харэаграфічны «Незабудкі», тэатральны «Васілёк». Самыя юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці — чатырохгадовая Сабіна Зубко і сямігадовая Ева Собаль. Маленькія салісткі выклікаюць у гледачоў асаблівае замілаванне. Сярод дарослых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці высокім выканальніцкім майстэрствам валодае Наталля Гутар. Перадаўся талент спявачкі і яе дачцэ Каці, якая вучыцца ў школе і з задавальненнем выступае на сцэне.

Юньковский СДК (2)

Вартаўнік 3 разраду вартавой аховы Пастаўскага аддзялення Департамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Наталля Гутар — цудоўная вакалістка

Дзякуючы творчай працы дырэктара Дома культуры Алены Зубко і рэжысёра Валерыя Жук’яна, іх уменню заўважыць у людзях здольнасці і талент, прыцягнуць да актыўнага ўдзелу ў рэпетыцыях і канцэртах, юнькаўскія самадзейныя артысты паспяхова выступаюць не толькі ў сваім аграгарадку, але і на розных раённых святах. У пачатку 2020 года СДК узнагароджаны дыпломам Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Такая адзнака, безумоўна, заахвочвае да далейшага пашырэння і ўдасканалення творчай дзейнасці.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара.