Чалавек і яго справа. Знайсці сябе дапамаглі гены і… выпадак

У героя нашага аповеду – спецыялізацыя вузкага профілю: на сённяшні дзень ва Ушачах са сродкамі ахоўна-пажарнай сігналізацыі працуе ўсяго двое электраманцёраў. Аднак такая “ўнікальнасць”, нягледзячы на ўсе цяжкасці, В.У.Сабіну па душы. На працягу амаль дзевяці гадоў спяшаецца ён на любімую работу ў аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы, каб забяспечыць спраўнасць абсталявання, а значыць не дапусціць у дамы землякоў і адміністрацыйныя будынкі зламыснікаў. Юнакі часта цікавяцца электрыкай. З дзяцінства быў такі інтарэс і ва ўраджэнца вёскі Цялічына. Назіраючы за тым, як спрытна “чаруе” дома над устаноўкай і рамонтам электраабсталявання бацька (дарэчы, Уладзімір Мікалаевіч працуе ва ўшацкім энергазбыце з моманту стварэння службы), Валерый атрымліваў карысныя навыкі, якія не баяўся прымяняць на практыцы. Яго веласіпед, а пазней мапед былі ў мясцовасці самымі прыкметнымі – з мноствам арыгінальных светлавых прыбораў, якія хлопец падключаў самастойна. – Пасля заканчэння Плінскай школы вырашыў паступаць у Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, дзе мелася спецыяльнасць “энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”, – расказвае В.Сабін. – Прычым, зрабіў гэта амаль выпадкова: у Віцебск па справах збіраўся мой брат – і я накіраваўся з ім, папрасіўшы заадно заехаць ва ўзгаданую ўстанову. Пасля заканчэння каледжа і службы ў арміі вызначыўся і з працоўным месцам – яго В.Сабін знайшоў у аддзяленні Дэпартамента аховы ва Ушачах. – Галоўнае ў рабоце электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі – дакладна ведаць, як працуе сістэма, рабіць усё, каб яна працавала як гадзіннік, без збояў, – кажа малады чалавек. – Калі ўзнікаюць непаладкі, трэба хутка вызначыць няспраўнасць і яе ліквідаваць – тут не заседзішся. У штодзённым маршруце спецыяліста шостага разрада – па 4-5 аб’ектаў. Хутка зарыентуецца ён у вялікай колькасці ўстановак у будынку раённага суда (на здымку), праверыць іх стан у магазінах райспажыўтаварыства, рэдакцыі… Выязджае В.Сабін і на “спрацоўкі”, прычым, не толькі ў будныя дні, але і ў выпадку дзяжурства – у выхадныя, святочныя. Сёння тэхніка актыўна развіваецца, з’яўляюцца новыя сродкі ахоўна-пажарнай сігналізацыі, таму трэба пастаянна вучыцца. У В.Сабіна праблем з гэтым не ўзнікае – любіць пачытаць адмысловую літаратуру, пашукаць у інтэрнэце інфармацыю, якая можа спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці. – Прафесія ў мяне надзвычай цікавая, падабаюцца таксама зносіны з людзьмі на аб’ектах, – кажа Валерый. – А яшчэ ў аддзяленні калектыў выдатны: усе прафесіяналы сваёй справы! Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, заўсёды дапамагаем адзін аднаму, падказваем. Працаваць з такіх умовах – адно задавальненне!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.