Дарыць дабро – прыемна

Працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні Браслаўшчыны падчас навагодняга свята пастараліся, каб яно прынесла радасць кожнаму малому, і напоўнілі новым сэнсам вядомую прыказку: свет не проста не без добрых людзей – іх вакол нас вельмі многа. Найбольш яскрава адчулі гэта супрацоўнікі і навучэнцы Браслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якому спонсары надалі асаблівую ўвагу. Такі клопат зразумелы, бо спецыяльная ўстанова – адзіная ў раёне, якая аказвае дапамогу дзецям з інваліднасцю. На сённяшні дзень яе наведваюць 15 вучняў з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі здароўя, 2 з якіх атрымліваюць надомнае навучанне і 7 – камбінаванае: некаторыя заняткі праходзяць у іх дома, астатнія – у ЦКРНіР. Пры падтрымцы аддзела адукацыі арганізаваны падвоз, наладжана трохразовае харчаванне. Больш як паўтара дзясятка спонсараў працягнулі руку дапамогі цэнтру, дзякуючы чаму яго матэрыяльна-тэхнічная база папоўнілася патрэбным сучасным абсталяваннем для развіцця інтэлектуальных здольнасцей і фізічнага здароўя дзяцей: тут з’явіліся новыя музычныя інструменты, развіваючыя цацкі, балансір, дыягностыка, а грашовыя сертыфікаты дазволяць набыць і іншыя неабходныя рэчы. Шмат радасці навучэнцам прынеслі таксама сувеніры і салодкія падарункі. Прыемна здзіўляе, безумоўна, колькасць спонсараў. Далучыліся да дабрачыннай акцыі парафіяне пагашчанскага касцёла Божай Міласэрнасці і протаіерэй Ігар Чачуковіч, мясцовыя арганізацыі Чырвонага Крыжа, Белдзяржстраха, Беларусбанка. Не засталіся абыякавымі і калектывы сілавых структур раёна: Дэпартамента аховы, РАНС, Следчага камітэта, ваенкамата, мытні. Самыя розныя ўстановы і прадпрыемствы – «Браслаўгаз» і «Еўрагандаль», магазін «Капеечка» ЗАТ «Дабраном» і «Маяк Браслаўскі», міжраённую інспекцыю АЖ і РС і «Браслаў-камунальнік», нават няблізкі ад нас Глыбоцкі МКК – аб’яднала высакародная справа.

1

Без имени-1 Супрацоўнікі ЦКРНіР і дзеці, вельмі ўдзячныя за клопат і дапамогу, запрасілі спонсараў на традыцыйныя «Калядныя сустрэчы». Дырэктар Алена Кавальская правяла гасцей па карэкцыйным цэнтры і азнаёміла іх з дзейнасцю ўстановы, а навучэнцы падрыхтавалі святочную канцэртную праграму. Яна стала вынікам не аднаго месяца карпатлівай працы і складалася з вакальных кампазіцый і нумароў шумавога аркестра. Прадстаўнікі працоўных калектываў шчырымі ўсмешкамі і гучнымі апладысментамі падтрымлівалі выступленні юных артыстаў. – Нам вельмі прыемна, што ў няпросты час знайшліся людзі, якія аказалі нашым дзецям такую вялікую дапамогу, – сказала Алена Кавальская, шчыра дзякуючы спонсарам. – Усяго сабрана 3 256 бел. руб., і набытыя за гэтыя сродкі рэчы паспрыяюць навучэнцам у развіцці навыкаў, сацыяльнай актыўнасці і адаптацыі. Калектыў цэнтра, дзеці і бацькі вельмі ўдзячны вам за падтрымку. Няхай жа ваша дабрыня і мудрасць вернуцца да вас удвая. Да дырэктара ЦКРНіР далучыліся са словамі ўдзячнасці таксама начальнік аддзела па адукацыі Іван Абаровіч і старшыня бацькоўскага камітэта Іна Радзевіч. А шэфам былі ўручаны падзячныя лісты і сувеніры, зробленыя дзецьмі.

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.