23 лютага – Дзень Абаронцаў Айчыны Нас на трываласць правярала глыбіня
46 гадоў назад лучайскі хлопец Пеця Дылевіч быў прызваны на тэрміновую службу. Армія загартавала яго фізічна, пратэстыравала моц характару, выпрабавала на стрэсаўстойлівасць, прывучыла да самастойнасці і дапамагла зразумець, што патрыятызм – гэта не прыгожыя лозунгі, а зямное прыцягненне да мясцін, па якіх на чужыне так маркоцілася душа. Пеця вырас у Лучайцы, закончыў 8 класаў і адправіўся ў далёкі свет: цётка Ганна ўзяла пляменніка да сябе ў Іркуцкую вобласць. У райцэнтры Чуна Пеця скончыў вячэрнюю школу, атрымаў пашпарт, уладкаваўся на пошту дастаўшчыкам тэлеграм. Адтуль у 1975 годзе яго забралі ў салдаты. “Купцы” аказаліся з марфлота. Вучэбку праходзіў у атрадзе падводнага плавання в/ч 25151 ва Уладывастоку. Ад малой радзімы яго аддзялялі 9 тысяч 750 кіламетраў.
--У вучэбцы мы праходзілі выпрабаванне ў баракамеры пры ціску паветра ў пяць атмасфер, вучыліся псіхалагічнай вытрымцы, займаліся ваеннай і фізічнай падрыхтоўкай, і навыкі гэтыя мне пад вадой спатрэбіліся. Служыў я ў 8-й дывізіі 2 флатыліі Чырванасцяжнага Ціхаакіянскага флоту – быў спецыялістам стартавага абсталявання балістычных ракет на атамнай падводнай лодцы К-408 другога пакалення 226 А “Навага”. Гэта сапраўдны васьмітысячатонны плывучы дом 130-метровай даўжыні, амаль 12-метровай шырыні з хуткасцю 28 вузлоў. Падлодка магла пагружацца на памежную глыбіню да 450 метраў і плаваць аўтаномна да 90 сутак, -- расказвае мужчына. -- У чацвёртым і пятым адсеках знаходзілася тарпедна-міннае ўзбраенне: 16 тарпед, з якіх дзве – з ядзернымі зарадамі, сёмы адсек – рэактарны. За кожнай падлодкай былі замацаваны па два экіпажы колькасцю 120 чалавек. База падлодак знаходзілася ў Вілючынску на паўвостраве Камчацкі. Заходзілі мы ў Авачынскую бухту (губу) – другую ў свеце па велічыні, якая была транспартнымі марскімі варотамі Савецкага Саюза. Былі ў бухце “Вялікі камень”, якая размяшчалася на супрацьлеглым беразе Усурыйскага заліва Японскага мора. А ў горадзе з такой жа назвай працавала адзінае на Далёкім Усходзе прадпрыемства па рамонце, пераабсталяванніі мадэрнізацыі караблёў з ядзернымі энергетычнымі ўстаноўкамі “Звязда”. Па заданні камандавання мы дзяжурылі ў вызначаных марскіх квадратах, хадзілі ў марскія паходы. За адзін такі я атрымаў нагрудны знак “За дальні паход”. Успаміны аб службе ў Пятра Анатольевіча толькі пазітыўныя. --У нас былі свае традыцыі, свае парадкі, ніхто не знаў ніякай дзедаўшчыны. Калі пасвячалі ў маракі, то навічок павінен быў выпіць напоўнены салёнай марской вадой электраплафон, на другім караблі – цалавалі падвешаную кувалду, намазаную салідолам. Гаварылі мы на сваім, усім зразумелым, слэнгу, -- з усмешкай гаворыць Пётр Анатольевіч. – Што датычала службы, то ў нас не было баявых трывог. Чэсць аддавалі толькі старшым афіцэрам. Заступіўшы на вахту, я ў памяшканні 2х2 метры павінен быў без адлучкі 14 тысяч 400 хвілін (4 гадзіны) назіраць за прыборамі, устаноўленымі ў ракетных адсеках і кантраляваць паказанні вільготнасці, тэмпературнага рэжыму, вентыляцыі. Не проста было і псіхалагічна: над намі ж не сонца, а тоны чорнай вады, усялякае магло здарыцца. Пасля вахты было лягчэй: хадзілі, як дома, у тапках і майках. Кармілі добра: хапала мяса, фруктаў, сокаў, дабаўка пастаянна была. Як былі ў моры, па 50 грамаў сухога віна і шакалад давалі. Розніца ў харчаванні нас і ў сухапутных была значная: на сушы салдата ў суткі кармілі на 1рубель 30 капеек, а маракоў – на 5 з капейкамі. Мы тады маладыя былі, не задумваліся, што служба наша тоіць небяспеку для здароўя. Але меры перасцярогі там захоўвалі: нацельную і пасцельную бялізну насілі да першай памыўкі, а затым выкідвалі, выдавалі ўсё новае. Па прыходзе з мора кожнага апрацоўвалі нейкімі хімічнымі растворамі. Час ад часу адпраўлялі на 20-дзённы адпачынак у санаторый на пабярэжжы. Быў у Пятра Дылевіча і двухмесячны водпуск. Птушкай ляцеў хлопец у родную Лучайку. Пасля сырога марскога дальнеўсходняга клімату беларуская восень для яго была раем. З радасцю павёў сястру Ніну ў першы клас. З задавальненнем памагаў маці на агародзе і полі. На поўныя грудзі дыхаў пшанічным водарам, высушаным сенам, свежай раллёй і з задавальненнем еў бульбяную бабку з бачкавымі агуркамі…Ад’язджаючы з дому, хлопец зразумеў, што мора – “гэта не толькі соль вады і горыч расставанняў”. --На падлодцы нас было многа, у асноўным – расіяне, з беларусаў я адзін. Намеснік камандзіра па палітчасці Озераў Беларусь ведаў, а пра Глыбокае не чуў. А аднойчы прыйшоў і кажа: “Гэта ты з таго Глыбокага адкуль нам згушчонае малако і кансервіраваныя лісічкі пастаўляюць?” і працягвае мне прадукцыю нашага МКК і кансервавага завода. Вот так прадукцыя глыбоцкіх прадпрыемстваў дапамагла яму на Камчатцы пазнаёміцца з маёй малой радзімай, -- гаворыць Пётр Анатольевіч. Пасля дэмабілізацыі старшына I стацці Пётр Дылевіч, не раздумваючы, вярнуўся на Глыбоччыну. З ваенкамата, куды звярнуўся за дапамогай аб працаўладкаванні, яго накіравалі на курсы вадзіцеляў у СПТВ-31.Усе 8 месяцаў вучобы атрымліваў па 90 рублёў стыпендыі, а пасля ўладкаваўся падменным вадзіцелем у аўтакалону 2439 (цяпер АТП-16). Нейкі час працаваў на “хлебнай” машыне. Аднойчы ў магазіне ў Запруддзі ўбачыў прадаўшчыцу Яніну, якая паланіла сэрца падводніка. Пётр і Яніна ўжо 40 гадоў разам. Выгадавалі двух дзяцей, маюць пяцярых унукаў. --Нейкі час я працаваў у “Полацксельбудзе”. Вось ужо 26 год працую кантралёрам у Глыбоцкiм аддзеле Дэпартамента аховы, а ўсяго ў мяне 48 гадоў працоўнага стажу, -- з гонарам кажа мужчына. --Што дае чалавеку армія? – спытала ў смайго суразмоўцы. --Даўней, калі хлопец не служыў, за яго дзяўчаты замуж ісці не хацелі, лічылі, што хворы, а як з такім жыццё будаваць ды род працягваць? Прызыў у армію пацвярджае здароўе чалавека. Служыць трэба, бо армія дысцыплінуе, вучыць псіхалагічнай і стрэсавай устойлівасці, прывучае да самастойнасці, жыццёвай спрактыкаванасці і ўменню знаходзіць выхад з любой сітуацыі”.
Галіна СУТУЛА.
На здымках: падчас службы ў марфлоце; у вучэбцы ва Уладзівастоку (Пётр Дылевіч у трэцім радзе другі злева)
Фота аўтара і з архіва П. Дылевіча.