сташуленок 2

ЮБІЛЕЙ. У будні і ў святы – чым багаты, таму і рады

Будні электраманцёра Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы Юрыя Сташулёнка звычайныя. Пачынаюцца з планёркі. Затым накіроўваецца правяраць ахоўнае абсталяванне. За ім замацаваны каля трыццаці аб’ектаў у горадзе і раёне. Яшчэ сочыць за спраўнасцю сігналізацыі ў кватэрах і прыватных дамах. Юрый Генадзьевіч заўсёды можа расквеціць шэрыя будні вясёлымі жартамі, добразычлівай усмешкай – пацвярджаюць калегі, знаёмыя і сваякі. На вяселлі яго запрашалі сватам ажно 16 разоў! На навагоднія святы ў аддзяленні аховы пераўвасабляецца ў Дзеда Мароза, весяліць дзяцей, радуе іх падарункамі. Надаўна прызначаны прафсаюзным лідэрам арганізацыі. 15 чэрвеня Юрый Генадзьевіч аздначыў 55 годдзе! Маленства юбіляра прайшло ў вёсачцы Белеўцы. У дружнай шматдзетнай сям’і Генадзія Аляксандравіча і Аліны Іосіфаўны выхоўваліся Валерый, Міхаіл і Ірына. Калі Юрыю было каля 10 гадоў, пераехалі жыць у райцэнтр. Пасля заканчэння СШ №1 Юрый вывучыўся на электраманцёра прамысловага электраабсталявання ў Маладзечанскім ПТУ. Дыплом атрымаў з адзнакай. Армія паклікала ў вайсковую часць ў Печы, што пад Мінскам. Два гады нес службу вадзіцелем. Вярнуўшыся дадому, ўладкаваўся на аўтабазу. Рэйсы пераважна былі на Прыбалтыку, Расію і Украіну. Прывабілі больш доўгія адлегласці, пайшоў працаваць дальнабойшчыкам. Калясіў па дарогах Заходняй Еўропы, ездзіў і на Расію. Вазілі драўніну, прадукты, тэхніку, электрапрыборы, запчасткі і іншае. Каля дзясяці год таму змяніў працоўную дзейнасць, перайшоў у Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку быў вартаўніком, пасля стаў электраманцёрам. Юрый Генадзьевіч адзначае: калі ведаеш сваю справу, то складанасцей не ўзнікае. Па сумнеўных пытаннях заўсёды раіцца з калегамі. Цікава ўсё, хоць і штодзённа: праца, зносіны з людзьмі. Вопытны спецыяліст прыгадвае, што раней за начное дзяжурства прыходзілася выязджаць на аб’екты па тры-чатыры разы. Цяпер з новымі прыборамі стала значна лягчэй, спрацоўваюць не так часта. Трэба адзначыць, што Юрыя Сташулёнка неаднаразова узнагароджвалі падзякамі за добрасумленную працу. Удзельнічае у інтэлектуальных спаборніцтвах, што праводзяцца ў аддзяленні. Найбольш па душы шахматы, па іх займае прызавыя месцы. Юрый з жонкай Наталляй выхавалі дваіх сыноў. Старэйшы Марк скончыў Ваенную акадэмію, магістратуру пры ёй і працуе камендантам пагранатрада ў Гродне. З дочкамі Сафіяй і Дар’яй прыязджаюць у Міёры бавіць вольны час. Малодшы Павел пасля сталічнага інстытута працуе на ММПЗ інжынерам па абслугоўванні абсталявання. Дом сям’і Сташулёнкаў размяшчаецца непадалёк ад райцэнтра ў Блажках. Вясковае жыццё складана ўявіць без гаспадаркі. У парадку прысядзібная тэрыторыя, і тэхніка. Пакуль гаспадары на працы, вартаўнік тут нямецкая аўчарка Арчы. Дарэчы, сабакі - адно з любімых захапленняў гаспадара. Сам іх выхоўвае і дрэсіруе, нават дае парады і дапамагае знаёмым у гэтых пытаннях. Гісторыя цікаўнасці даўняя. Захацелася пародзістага сабаку завесці. Купілі нямецкую аўчарку. З Ланцай у Полацку на міжнароднай выставе занялі трэцяе прызавое месца. Раззнаёміўся са спецыялістамі, стаў больш цікавіцца сабакамі. З’явіўся і другі чатырохногі сябар, назваў Глэдзіс, дрэсіраваў. На наступнай выставе занялі з ім першае месца, а праз год былі на другой прыступцы п’едэстала.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ. Фота аўтара