Лютаўскі марозны дзень не астужае цёплыя пачуцці закаханых. Вось з’явілася і яшчэ адна сям’я ў Міёрах. Заключылі шлюб у Міёрскім аддзеле загса Іван Талапіла і Ганна Швед. Абодва з Дзісненшчыны. Іван з Шарагоў, а Ганна з самага маленькага горада Беларусі. Не першы год жывуць і працуюць у Міёрах. Іван ужо ў званні старшага сяржанта міліцыі вадзіцелем групы затрымання ў Міёрскім аддзяленні аховы, а Ганна выхавацелем у яслях-садку №1. Пазнаёміліся чатыры гады таму. Спадабалася Івану дзяўчына, прапанаваў пракаціцца на матацыкле з вецярком. Пасябравалі. З часам загарэўся агеньчык кахання адно да аднаго. – З якой нагоды выбралі такую дату для заключэння шлюба – 2.02.2022? – пытаюся ў маладых. – Хацелі, каб стварэнне сям’і прыпадала на запамінальную дату, палічылі гэтых пяць двоек найлепшым днём, – з усмешкай адказвае Ганна. У сціплай абстаноўцы галоўны спецыяліст аддзела загса Таццяна Зарудніцкая правяла цырымонію рэгістрацыі шлюбу. Сямейны саюз замацавалі подпісамі. Іван і Ганна Талапіла атрымалі пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу – першы агульны сямейны дакумент. Таццяна Зарудніцкая пажадала ім заўжды цаніць адзін аднаго, берагчы, прабачаць недахопы, ганарыцца добрымі якасцямі, каб у вачах і надалей шмат год свяціліся іскры любові, ласкі і радасці. Павіншаваць Івана і Ганну Талапіла завіталі начальнік Міёрскага аддзялення аховы Міхаіл Пракопчык і спецыяліст па кадрам Марына Рубанік. Пажаданні шчасця і дабрабыту на доўгія гады, спаўнення мараў іх маладой сям’і прагучалі з вуснаў гасцей разам з уручэннем кветак і падарункаў.
Фота аўтара. Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.