У Наталлі Чарнецкай, жыхаркі райцэнтра, вясна асацыіруецца, у першую чаргу, з кветкамі і цёплымі жаночымі ўсмешкамi. Наталля — шчаслівая маці двух цудоўных хлопчыкаў – Мікіты і Уладзіслава. У сілу жыццёвых абставін Наталля адна займаецца іх выхаваннем. Дапамагае, праўда, у гэтай справе маці. «Калі я заступаю на службу, маці выконвае пачэсную «бабуліну місію», — смяецца мая суразмоўца, — прыглядвае за хлопчыкамі». Наталля — вартаўнік вартаўнічай аховы Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Не зусім жаночая справа, але ёй падабаецца. Вось ужо дзевяты год дзяўчына на варце правапарадку. У грамадстве склаўся стэрэатып, што вартаўнік — гэта абавязкова прафесійна падрыхтаваны мужчына. Гэта не зусім так, адзначае Алег Дзяшкевіч, начальнік раённага аддзялення аховы. Жанчыны таксама маюць права займаць гэту пасаду. У прыватнасці, у нашым аддзеле працуе 17 жанчын. «Да працы Наталлі ніякіх прэтэнзій ніколі не было, — характарызуе сваю супрацоўніцу Алег Віктаравіч. — Яна на добрым рахунку ў кіраўніцтва вобласці. Неаднаразова заахвочвалася ганаровымі граматамі. Па выніках працы мінулага года была ў ліку тых, хто за праяўленую службу і прафесійную ініцыятыву, забеспячэнне высокай эфектыўнасці службы атрымалі падзячныя лісты за подпісам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама». А яшчэ, як стала нам вядома, у мінулым годзе Наталля прымала ўдзел у прафесійным конкурсе «Лепшы па прафесіі». Сярод 16 прэтэндэнтаў заняла 9 месца. Па спецыяльнасці Наталля мастак-мадэльер, майстар вытворчага навучання. «Па праўдзе кажучы, мяне з дзяцінства прыцягвала форма, — адзначае Наталля. — Ды і было з каго браць прыклад, на каго раўняцца: тата ў свой час працаваў у міліцыі». За гады працы ў аддзяленні аховы Наталлі давялося несці службу на вартаўнічых пастах па ўсім горадзе. Сёння яе аб’ект — пост №2, Сенненскі РЭС. На пытанне — ці страшна ноччу быць адной на даверанай тэрыторыі, Наталля толькі ўсміхаецца: «Ні кроплі. Я ўпэўнена ў сваіх калегах, якія за лічаныя хвіліны неадкладна прыедуць па выкліку трывожнай кнопкі». У практыцы Наталлі былі такія выпадкі, калі яна звярталася за дапамогай да групы затрымання. Вось, да прыкладу, яшчэ калі несла службу на аб’екце былога маслазавода не дазволіла тром мужчынам пранікнуць на склад. А калі працавала на аб’екце хлебазавода таксама праявіла пільнасць. Было гэта зімой. У поле зроку трапіла жанчына па-за ахоўнай тэрыторыі — яна ляжала на зямлі. Наталля выклікала сваіх калег. Як высветлілася, жанчына была ў стане алкагольнага ап’янення. Дапамогу ёй потым аказвалі медыкі. Неабыякавасць, добрасумленнасць — вось тыя асноўныя якасці, якімі павінен валодаць чалавек, што стаіць на варце правапарадку. У Наталлі атрымліваецца быць менавіта такой. Гэта граматны, прафесійны супрацоўнік, не хавае Алег Дзяшкевіч.
Ала ЯКАЎЛЕВА.