Пад крыламі бацькоўскага кахання

14 кастрычніка традыцыйна ў нашай краіне адзначаецца Дзень маці. Упершыню сёлета святкуецца Дзень бацькі. Паміж гэтымі датамі – Тыдзень бацькоўскай любові. Бацькоўская каханне – глыбокае, вельмі светлае пачуццё, якое ажывае ў той момант, калі бацькі клапоцяцца пра дзіця, яго дабрабыт і шчасце.

У падраздзяленнях Дэпартамента аховы Віцебскай вобласці каля  90 шматдзетных сем’яў. Сярод іх з Міёраў сям’я Сяргея Віктаравіча Маляўкі і Святланы Францаўны Мароз. Яны  паўнапраўна святкуюць Тыдзень бацькоўска любові, а 29 кастрычніка таксама адзначаюць двайное свята. Прафесійнае, бо абодва працуюць у Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы, і сямейнае – дзень нараджэння дачушкі Ясеніі. Сёлета ёй споўніцца тры гады. Ясенія з мамай і татам, ды старэйшымі братамі пачувае сябе спакойна і ўпэўнена, прыветліва ўсміхаецца. Пад крыламі бацькоўскага кахання і ўсім дзецям пачуваецца добра і спакойна. Максім — студэнт другога курса Лужаснянскага аграрнага каледжа. Ягор вучыцца ў сёмым класе СШ №2, Ігар апошні год наведвае дзіцячы садок, а Ясенія пакуль дома з мамай.

1

Завітала да Сяргея і Святланы, калі звечарэла, бо гаспадары трымаюць гаспадарку, якую трэба своечасова пакарміць – качкі, гусі, куры, трусы. У двары  пясочніца, качэлі, іншыя прыстасаванні для дзіцячых забаў. У цёплую пару тут ёсць дзе разгуляцца.

На ганку сустрэлі чатырохлапыя “сябры чалавека” Фанта і Кубік. У доме нягучны дзіцячы гоман. Кожны заняты чымсьці сваім. Як расказвае Святлана, гэта звычайная абстаноўка ў доме. Так сталася, што, гледзячы на бацькоў, а ў кожнага хапае работы, і дзеці таксама знаходзяць занятак ці гульню па душы. “Дзеці паслухмяныя, рэдка павышаю голас, – расказвае Святлана. – Тата для іх вялікі аўтарытэт, заўсёды яго слухаюцца.” Нядаўна здзівіў бацькоў Ігар, калі зайшоў на кухню, дзе гатавала маці, і сказаў: “Мммм. Смажанкай пахне”. – Узнікла пытанне, – распавядае гаспадыня, – а што такое “смажанка”? Вельмі здзівіліся, бо ніхто ў сям’і такой назвай не карыстаўся. Аказалася, што пяцігадовы Ігар меў рацыю, а страва падыходзіла па характарыстыках пад названую.

Усе дзеці і ўнукі любімыя, жаданыя госці і памочнікі ў дзядуль і бабуль – Віктара Віктаравіча і Рамуальды Альдэфонсаўны Маляўкаў, што жывуць у райцэнтры, і Франца Антонавіча і Галіны Якімаўны Маразоў з Пад’ельцаў. Склалася добрая традыцыя дні нараджэння святкаваць на сядзібе бабулі Рамуальды Альдэфонсаўны і дзядулі Віктара Віктаравіча. Наведваюць іх і яшчэ два сыны Сяргея Віктаравіча Ілля і Мікіта. Старэйшы Ілля з сям’ёй жыве ў вёсцы Марцінаўцы, непадалёк Міёраў. Мікіта вучыцца на агранома ў Лужаснянскім аграрным каледжы. Па магчымасці і на каляндарныя святы вялікая і дружная сям’я садзіцца за адным сталом.

Адпачынак шматдзетная сям’я плануе загадзя. “З 2012 года, амаль штогод, стараемся ў водпуску з’ездзіць з дзецьмі на мора, – расказавае шматдзетны тата Сяргей Віктаравіч, – на сцяне адведзена месца для памятных сувеніраў з мясцін, у якіх давялося пабываць, пераважна розныя курортныя зоны Крыма.” Год 2012 напэўна нездарма абраны стартавым для вандровак: менавіта ў ім 12 снежня ў 12 гадзін Сяргей Маляўка і Святлана Мароз зарэгістравалі ў аддзеле загса свой шлюб.

2

– Не гледзячы на тое, што дома шмат часу праводзім разам, і на рабоце раней з мужам амаль побач, пакуль я не пайшла ў водпуск па доглядзе за дзецьмі, – дадае Святлана Францаўна, – мы заўсёды стараемся больш быць усе разам. Мне вельмі пашанцавала з мужам, бо ён мае спецыяльнасць повара-кандытара. Гатуе ўсё ад супоў да сокаў, не цураецца і выпечак. Калі трапляла ў бальніцу за папаўненнем, за астатніх дзяцей заўсёды была спакойная, бо з такім татам галодныя не застануцца. У лес за грыбамі і ягадамі таксама ездзім разам. Так пацвярджаецца выказванне, што сапраўдная любоў – ніколі не дакучае.

На працоўных буднях

Сяргей Віктаравіч у Міёрскім аддзяленні аховы займае пасаду камандзіра аддзялення груп затрымання. У абавязкі старшага прапаршчыка міліцыі ўваходзіць правядзенне выхаваўчай работы з міліцыянерамі ад пачатку іх працы ў ведамстве і з тымі, хто мае выслугу дваццаць і больш гадоў, наведванне іх дома, праверка ведаў па тэорыі і практыцы па ідэалогіі, медыцыне, агнявой і іншых падрыхтоўках. Займаецца з асабовым саставам, адлюстроўвае неабходныя факты ў розных справаздачах. Камадзір сочыць за вучэбнымі праверкамі, як выконвае абавязкі і аператыўнасць рэагавання на выклікі “трывога” групы затрымання. Дысцыпліна і дакладнае выкананне – галоўнае патрабаванне да падапечных.

– Пайшоў служыць у ахову, каб дапамагаць людзям, – акрэслівае сваё прызванне Сяргей Віктаравіч. Хаця ў юнацтве марыў зусім пра іншыя шляхі. Пасля школы вывучыўся на повара-кандытара. Адслужыў армію ў танкавых войсках. Вярнуўшыся додому, крыху працаваў у міліярацыі, затым уладкаваўся вартаўніком у ахову. Набіралі супрацоўнікаў у міліцэйскую службу, вырашыў паспрабаваць. Пасля вучэбкі працаваў у групе затрымання, затым кінолагам, нёс службу на пастах у судзе і банку. Сяргею Віктаравічу аператыўнасць, мабільнасць і пастаянны тонус па душы. Сур’ёзных злачынстваў не здаралася, а злодзеяў з крадзяжамі выкрывалі нярэдка.

Святлана Францаўна працаваць у ахову прыйшла ў 2003 годзе дзяжурнай пульта ўпраўлення. Абавязкі спачатку выконвала на палову стаўкі. Затым прапанавалі пасаду сакратара-машыніста. З часам праводзілася рэарганізацыя, зараз яна старшы інспектар па абароне дзяржаўных сакрэтаў і дакументальнага забеспячэння. Пакуль знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём.

– Добра запомніла свой першы працоўны дзень на новай пасадзе, – прыгадвае Святлана, – у аддзяленне якраз прыехала праверка. Доўга думаць не было часу, прасілі выдаць дакумент, хутка патрабавалася рэагаваць на запыт. З часам разабралася, што да чаго, а складанасці засталіся ў мінулым.

Так ахова звяла лёсы Сяргея і Святланы ў адну дружную і вялікую сям’ю.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

Фота з архіва сям’і.