З эстэтыкай да лічбаў і жыцця

Галоўны бухгалтар Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Наталля Фёдараўна Лявіцкая ўганаравана звання “Жанчына года Міёршчыны” ў намінацыі “Мясцовае кіраванне і самакіраванне, ахова правапарадку, фінансавая, банкаўская і грамадская дзейнасць.” У Міёрах адбылося ўрачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды.
З біяграфіі. Наталля нарадзілася ў маляўнічым горадзе Браславе ў шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння 9 класаў СШ№1 г. Браслава паступіла вучыцца ў Відзаўскае ПТВ №169 на повара. Працоўную дзейнасць пачала па спецыяльнасці ў Чапукоўскай СШ на Міёршчыне. Удзельнічала ў абласным конкурсе павароў, што праходзіў у Лепелі. У 2008 годзе паступіла ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. За атрыманнем вышэйшай адукацыі накіравалася ў Полацкі дзяржуніверсітэт на фінансава-эканамічны факультэт па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у камерцыйных і некамерцыйных арганізацыях. З 2015 года працавала намеснікам галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі, спорту і турызму Міёрскага райвыканкама. Праз два гады перайшла працаваць у Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы спачатку бухгалтарам, а праз некалькі месяцаў пераведзена на пасаду галоўнага бухгалтара. Так сёння яе характарызуе кіраўнік Міёрскага аддзялення аховы падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Часлававіч Пракопчык: “Наталля Фёдараўна старанная і адказная працаўніца. Якасна спраўляецца са службовымі абавязкамі, на добрым уліку не толькі на мясцовым узроўні, але і на абласным.”
За добрасумленную працу мае шмат узнагарод, сярод іх – ліст-падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзяка ад Дэпартамента аховы МУС, ганаровая грамата Міёрскага райвыканкама і іншыя.

– Трапіць у кагорту “Жанчын года Міёршчыны” для мяне пачэсна і прыемна, – дзеліцца ўражаннямі Наталля Фёдараўна. – У студэнцкія гады ўдзельнічала ў мерапрыемствах, вяла праграмы, аднак сёлетні выхад на сцэну неяк асабліва напоўніў душу трапяткім хваляваннем і святочным веснавым настроем.

Як успрынялі вашы сваякі навіну аб атрыманні звання?
– У нас сям’я вялікая і дружная, таму шмат станоўчых эмоцый з розных куткоў слалася з нагоды падзеі. Маці Луцыя Антонаўна пражывае ў Браславе – заплакала ад радасці. На ўручэнне ўзнагарод прыехалі з Браслава два браты Павел і Анатоль з сынам Пятром. Зрабілі для мяне сюрпрыз падтрымкі. Яны ў групе нашай сям’і па вайберу трансліравалі ўрыўкі з мерапрыемства. Таму, можна сказаць, удзел прымалі і сёстры Ірына з Віцебску і Алена з Кіпру, сыны Дзмітрый і Ілля, якія на працы і на вучобе адпаведна ў Мінску і Віцебску. Муж заняты на неадрыўнай вытворчасці Металапракатнага завода, таму з кветкамі віншаваў ужо пасля працы. Усе з асаблівай пяшчотай і гонарам перажывалі разам са мной гэту знакавую падзею. Вельмі ўдзячна сваім родным за падтрымку.

Змена прафесійнай дзейнасці ў пэўны жыццёвы перыяд ад повара да бухгалтара была заканамернай?
– Думаю, што так. Каб зразумець тую заканамернасць, прыгадаю далёкае дзяцінства. Паколькі сям’я была шматдзетнай, то тата і мама зараблялі на вытворчасці грошы, каб нас пракарміць і апрануць, а малых выхоўвала пераважна бабуля. Браніслава Іосіфаўна займалася рукадзеллем, вязала розныя рэчы. Яна набірала пяцелькі і лічыла іх услых. Таму яшчэ да школы ад яе я навучылася найперш лічыць, а чытаць ужо пасля. Цікавасць да лічбаў працягвала падлікам старонак газеты “Советская Беларусь”, якую заўсёды чытала бабуля. Ужо вечнай памяці Браніслава Іосіфаўна вучыла нас малых быць дружнымі, акуратнымі, старанна вучыцца, імкнуцца дасягнуць чагосьці важнага і значнага. Мы яе наказы праносім праз жыццё.

Матэматыка заўсёды давалася мне лёгка ў школе. Аднак на ўроках працы мне вельмі падабалася гатаваць. Таму і паступіла вучыцца на повара, але працавала па прафесіі нядоўга. У пэўны момант усвядоміла, што гатаваць смачна хочацца не вялікім аб’ёмамі, а проста для родных, для душы. Да таго ж не пакідала мара атрымання вышэйшай адукацыі. Так і было вырашана змяніць прафесію. Не гледзячы на тое, што сыны Дзіма і Ілля былі яшчэ малыя, мая сям’я і муж падтрымалі ідэю. Так паступіла спачатку ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж, а пасля яго заканчэння ў Полацкі дзяржуніверсітэт. Па атрыманні дыплома з “адзнакай” уладкавалася намеснікам галоўнага бухгалтара ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Міёрскага райвыканкама. На пачатку пачувалася складана, але побач былі добрыя настаўнікі і прафесіяналы сваёй справы – галоўны бухгалтар Марына Пятроўна Адамовіч і Ала Міраславаўна Сарокіна. Праз два гады перайшла працаваць у Міёрскае аддзяленне аховы спачатку бухгалтарам, а праз некалькі месяцаў перавялі на пасаду галоўнага бухгалтара. Тут працуем у звязцы з кампетэнтным прафесіяналам сваёй справы бухгалтарам Жаннай Стэфанаўнай Лаўрыновіч. Яна шмат чаму мяне навучыла і падзялілася сваім перадавым вопытам.

Што ўваходзіць у вашы абавязкі?
– Праводзім аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці і выпрацоўку прапаноў па яе ўдасканаленні, займаемся эканамічнай работай і бухгалтарскім улікам у аддзяленні. Наш абавязак адказваць за забеспячэнне рэжыму эканоміі грашовых і матэрыяльных сродкаў, кантраляваць іх мэтавае выкарыстанне. Разам з тым распрацоўваем і рэалізуем сумесна з іншымі службамі мерапрыемствы накіраваныя на выкананне і паляпшэнне эканамічных паказчыкаў, павышэнне эфектыўнасці аховы аб’ектаў, аптымізацыі кошту ахоўных паслуг. У згаданых накірунках супрацоўнічаем як з арганізацыямі так і з фізічнымі асобамі.

Сёлетні год багаты на знакавыя даты?
– Гэта сапраўды так. Спаўняецца 30 год нашаму знаёмству з мужам Мікалаем і 25 год нашай сям’е.

Некалькі слоў пра сямейны лад…
– З мужам Мікалаем пазнаёміліся яшчэ ў час вучобы ў Відзах. Ён міярчанін, вучыўся на вадзіцеля і аўтаслесара. Вядома, што як і ва ўсіх навучальных установах, сіламі таленавітых навучэнцаў ладзілі розныя канцэрты. Мікалай граў у музычным гурце вучылішча і мне, як вядучай, давялося аднойчы аб’яўляць яго выхад. Нашы студэнцкія сцежкі перакрыжоўваліся не раз. Спачатку не вельмі звяртала ўвагу. Ён з часам стаў праяўляць сябе ўчынкамі – абараняў, аберагаў, дапамагаў. Так завязалася сяброўства, якое з часам перарасло ў каханне. Пасля вучобы яго забралі ў армію, а я ўладкавалася на працу.
Праз пяць год спатканняў і розных выпрабаванняў стварылі сям’ю. 5 жніўня – дзень нараджэння нашых дзяцей. У 1999 нарадзілі Дзмітрыя, а роўна праз пяць год Іллю. Хлопцы часам жартуюць, што “пяць” наша сімвалічна сямейная лічба. А калі і сёлета ў званні “Жанчына года Міёршчыны” намінацыя мне выпала таксама пятая, то сумненняў у нас не засталося.

Муж працуе на Металапракатным заводзе слесарам-сантэхнікам. Сын Дзмітрый хацеў пайсці па маіх “кроках маладосці” і пасля 9 класа паступіць на повара, але на сямейным савеце вырашылі адмовіцца ад гэтай ідэі. Тым не менш, атрымаўшы ў Віцебскім палітэхнічным каледжы спецыяльнасць тэхніка-электрыка, ён ні дня па ёй не працаваў. Наадварот, яшчэ ў студэнцкія гады пачаў падпрацоўваць афіцыянтам, а пасля вучобы – і поварам. Марыў працаваць поварам у прэстыжным рэстаране. З часам пераехаў у сталіцу, дзе заняты працай у сферы абслугоўвання. Калі прыезджае дадому, то радуе бацькоў новай смачнай стравай. Малодшы сын Ілля – студэнт Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў.
На Каладныя святы адпачывалі ў Мінску ў старэйшага сына. Вандравалі па ўпрыгожаным горадзе, наведалі некаторыя знакамітасці сталіцы. Атмасфера сямейнага цяпла насыціла нашы дні найлепшым чынам.

Часта любім ездзіць на маю малую радзіму ў Браслаў, сустракаемся з роднымі. Яны прыязджаюць улетку да нас на дачу, паблізу возера і гэта спрыяе добраму адпачынку. У такіх сустрэчах ёсць нешта не толькі сардэчнае, дарагое, але і цёплае для душы. Гутарым, стараемся падтрымліваць адны адных у розных пытаннях. Лічу, што сакрэт сямейнага дабрабыту дастаткова просты і даступны – любоў і ўзаемапавага, узаемапаразуменне з кожным блізкім чалавекам – братам, сястрой, мужам, дзецьмі.
На дачы безумоўна не толькі адпачываем, але і саджаем неабходную агародніну. Люблю вельмі разводзіць там кветнікі, у халодную пару займаюся рукадзеллем – вяжу розныя рэчы, з апошніх вырабаў – пакрывала на дачу з рознакаляровах квадратаў.
Дзякую за размову!

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.