Міліцыянер узвода Докшыцкага аддзялення Дэпартамента аховы Валянціна Масіенка вось ужо больш за дзесяць гадоў з гонарам носіць пагоны прапаршчыка. У міліцэйскай прафесіі ў сваёй арганізацыі яна пакуль адзіная з прадстаўніц прыгожага полу, але ўпэўнена, што зрабіла правільны выбар.
– Жанчына-міліцыянер, ужо даўно не рэдкасць, – гаворыць Валянціна Віктараўна. – Зразумела, што гэтая служба патрабуе асаблівых якасцей і ўменняў. Напрыклад, трэба ўмець страляць, мець добрую фізічную падрыхтоўку, валодаць прыёмамі барацьбы. Мне мая работа падабаецца.
Валянціна родам з Шаркаўшчыны. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Пасля трох гадоў вучобы ў ім на адпрацоўку паспрабавала трапіць у войскі сувязі. Выдатна прайшла выпрабаванні і стала ваеннаслужачым. Адразу пайшла вучыцца ў школу падрыхтоўкі прапаршчыкаў, дзе і атрымала свае першыя пагоны.
– Па-праўдзе кажучы, было вельмі складана, – дзеліцца ўспамінамі Валя. – У гэты час вялікую падтрымку адчувала ад мамы. “Калі ты сама ў сябе не верыш, чаму іншыя павінны?” – аднойчы сказала яна. Цяпер я заўсёды карыстаюся гэтым правілам. Пасля двух гадоў службы ў арміі, у сталіцы, вельмі хацелася перабрацца бліжэй да малой радзімы. На той час сяброўка выйшла замуж у Докшыцкі раён і прапанавала ўладкавацца на работу ў ім. Так я трапіла ў аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку служыла старшым інспектарам узводу, у санаторыі “Баравое”. Цяпер мой пост у раённым судзе. Азамі прафесіі авалодвала пад кіраўніцтвам вопытнага супрацоўніка Дэпартамента аховы Дзмітрыя Пусташылы. Некаторы час жыла ў сяброўкі ў Таргунах. У агульных знаёмых сустрэла будучага мужа. Нашай сям’і ўжо восем гадоў. Выхоўваем сыночка. У гэтым годзе набылі дом у Докшыцах. Цяпер поўнасцю магу прысвяціць сябе любімым заняткам – добраўпарадкаванню тэрыторыі і кветкаводству. Акрамя гэтага ў вольны час з задавальненнем катаемся на роварах разам з васьмігадовым Лёнечкай. Гэта дапамагае трымаць сябе ў патрэбнай фізічнай форме. Раз у тыдзень разам з усімі супрацоўнікамі аховы наведваю абавязковую спартыўную трэніроўку. Зімой звычайна выступаю за нашу каманду на галіновых спаборніцтвах у лыжных гонках.
Автор текста и фото: Евгения Малевич, корреспондент газеты "Родныя вытокі"