Служба Миорского отделения охраны на страже законных интересов граждан и правопорядка

Служба Міёрскага аддзялення аховы на варце законных інтарэсаў грамадзян і правапарадку. Кругласутачная і пільная праца, кантроль за захаваннем прыватнай і дзяржаўнай маёмасці, аператыўнае рэагаванне на выклікі па «трывозе» і  ў дапамогу нарадам РАУС. Усё гэта штодзённы клопат ахоўнікаў.

У калектыве працуюць 22 міліцыянеры і 43 грамадзянскія асобы. Узначальвае аддзяленне падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Пракопчык. Расказвае:

– Структура нашай службы такая, што кожны спецыяліст адказвае за свой участак работы, і ў той жа час працуе ў звязцы з іншымі. Служба інжынерная і электраманцёраў займаецца падключэннем аб’ектаў і абслугоўваннем сігналізацыі. Міліцыянеры выбываюць на трывожныя выклікі і ў дапамогу нарадам РАУС, сочаць за правапарадкам у горадзе. Ахоўнікі адказваюць за захаванне маёмасці на давераным ім аб’ектах. Большая частка калектыву, а гэта міліцыянеры, вартаўнікі і дзяжурныя, працуе па графіку. Ахоўваем 195 аб’ектаў пунктам цэнтральнага назірання, устаноўлена 89 трывожных кнопак.

За якаснае выкананне абавязкаў з міліцыянераў адзначу вадзіцеляў Юрыя Рубаніка і Івана Талапілу, з паставых – Віталя Бяспалага і Дзмітрыя Кляўко. У вартавой службе шчыруюць Таццяна Кісляк, Уладзімір Смагін, Леанід Касевіч, Інна Гарноўская і іншыя. Нядаўна, але старанна працуе Вераніка Мядзелец.

Спраўна працуе служба электраманцёраў пад кіраўніцтвам старшага інспектара-інжынера ГСіСА Алега Шульгі і інжынера Дзмітрыя Бузо. Вопытныя спецыялісты Леанід Пруднікаў, Юрый Сташулёнак, Дзяніс Багдановіч заняты на мантажы і абслугоўванні сігналізацыі. Уліваецца ў працу электраманцёра Сяргей Арлюкевіч. За пультом цэнтралізаванага назірання кругласутачна нясуць службу Алена Радзюк, Алена Шаркель, Вольга Вішнеўская, Людміла Міхайлава і малады спецыяліст Вікторыя Чарауха. Фінансавы клопат па плячы бухгалтарам Наталлі Лявіцкай і Жанне Лаўрыновіч. Аддзелам кадраў загадвае Марына Рубанік, а са справай старшага інспектара спраўляецца Юлія Верына.

Прадстаўляюць аддзяленне на конкурсах самадзейнасці на рэгіянальным і абласным узроўнях дуэт гітарыстаў вартавых Уладзіміра Смагіна і Леаніда Касевіча, а таксама гітарыст міліцыянер-паставы Дзмітрый Кляўко. З нядаўніх яго дасягненняў – другое месца на рэспубліканскім этапе агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці Дэпартамента аховы, прымеркаванага да 72-годдзя службы.

Дзмітрый на акустычнай гітары выступаў у дуэце з навапалачанінам міліцыянерам-вадзіцелем Рышардам Клепяшнёвым, які іграў на электрагітары.

З удзячнасцю прыгадваем нашых ветэранаў, якія шмат гадоў клапаціліся пра справы ахоўнай службы, давалі прыклад і вучылі маладое пакаленне. На заслужаны адпачынак сёлета адправіліся камандзір аддзялення Сяргей Маляўка, дзяжурная пульта Ірына Закрэўская, электраманцёр Валерый Кубарка, вартаўнік Валерый Закрэўскі. Прыемна прыгадаць і старэйшых ветэранаў аховы Івана Рунду, Рамана Фурса, Ігара Войтава, Генадзя Сушко, Сяргея Тронькіна, Віктара Стому, Станіслава Курыловіча, Аляксандра Савуця, Зінаіду Шаркель, Аду Мароз, Данату Герасімаву, Івана Умпіровіча.

  

***

Добра, калі на пастах спакойна

Паставы міліцыянер Ілья Франскевіч нарадзіўся ў вёсцы Стары Пагост. У суседнім Новым Пагосце вучыўся ў школе. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіў на муляра і майстра па рамонце і эксплуатацыі аўтамабіляў у Глыбоцкі дзяржаўны ліцэй. Па атрыманні дыплома прызвалі ў армію.

Паўтара года ў паветрана-дэсантнай брыгадзе праляцелі непрыкметна. Звольніўшыся і адзначыўшыся ў райваенкамаце аб прыбыцці дадому, крочыў у вайсковай форме па Міёрах, а насустрач начальнік аховы Міхаіл Пракопчык. Завязалася размова, і той запрасіў радавога працаваць у ахову. Хлопец прыняў прапанову. Настаўніцтва за маладым супрацоўнікам замацавалі за Дзянісам Гаўрылавым.

Ужо шэсць гадоў старшы сяржант Ілья Франскевіч нясе службу на важных аб’ектах ААТ «Белаграпрамбанк», райвыканкама, суда, бальніцы. Кантралюе прапускны рэжым на аб’ектах, правярае дакументы і праводзіць нагляд з дапамогай металадэтэктара. Лічыць сваю прафесію важнай, адказнай і цікавай. Стасункі з людзьмі, ахова давераных аб’ектаў і захаванне спакою ў родным горадзе міярчаніну толькі ў радасць. Прыгадаў, што даводзілася аказваць дапамогу на пасту ў бальніцы ад п’янага дэбашыра і ў час правядзення рэйда даганяць правапарушальнікаў. Такія сітуацыі даказваюць, што служба і бяспечная і цяжкая, а на першы погляд – нябачная.

У групы затрымання шмат задач

 Старшы сяржант міліцыянер групы затрымання Андрэй Сіповіч працуе ў аддзяленні аховы чацвёрты год. Зарэкамендаваў сябе дысцыплінаваным і адказным супрацоўнікам. Міярчанін, скончыўшы СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі, паступіў у Полацкі эканамічны каледж і атрымаў прафесію праграміста. Уладкаваўся на службу ў ахову, тым больш, што маці Таццяна Уладзіміраўна больш за дваццаць пяць гадоў працуе тут вартаўніком. Даводзілася ёй затрымліваць парушальнікаў за крадзеж. Будні аховы знаёмыя былі Андрэю па расказах маці.

Так у аддзяленні існуе пераемнасць пакаленняў. Дарэчы, яшчэ адна сям’я мае падобную гісторыю. Вартаўніком працуе Інна Гарноўская, а яе сын Ула-дзіслаў Ратокля служыць міліцыянерам-кінолагам.

Шэсць месяцаў правёў Андрэй Сіповіч на вучобе ў Гаранях пад Мінскам. Запомніліся экскурсія ў мемарыяльны комплекс Хатынь і ў Музей аховы ў сталіцы. Настаўнічаў над маладым супрацоўнікам міліцыянер-кінолаг Іван Вішнеўскі.

Андрэй нясе службу ў групе затрымання, ахоўвае аб’екты ўсіх форм уласнасці, сочыць за правапарадкам у горадзе, аказвае грамадзянам неабходную дапамогу. Дома яго чакаюць жонка Ірына і маленькая Аліна. Маладая сям’я марыць пра ўласнае жыллё, а пакуль здымаюць дом у райцэнтры. За нядоўгі тэрмін службы Андрэй ужо мае падзяку ад РАУС.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ, газета "Міёрскія навіны".
Фотаматэрыял прадаставіла аўтар.