Пад знакам савы

29 кастрычніка, Дэпартамент аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адзначае 65-годдзе. Сваё прафесійнае свята разам з калегамі з усёй краіны адзначыць і Глыбоцкі аддзел аховы. Напярэдадні знамянальнай даты мы пабывалі на вуліцы Мінскай, 1, дзе знаходзіцца адміністрацыйны будынак аховы.
Працуем “на выдатна”

Пра поспехі і дасягненні свайго калектыву расказаў начальнік Глыбоцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кандзерскі.

Кондерский С.М. Глубокое
На эмблеме Дэпартамента аховы невыпадкова можна ўбачыць зоркую саву. Супрацоўнікі гэтай праваахоўнай структуры кругласутачна і, часам, рызыкуючы сваім жыццём, абараняюць нас ад дзеянняў зламыснікаў, прадухіляюць і раскрываюць злачынствы, выяўляюць адміністрацыйныя правапарушэнні, ахоўваюць дзяржаўную маёмасць і маёмасць грамадзян. Яны па першым сігнале гатовыя апынуцца там, дзе патрэбная іх дапамога. Іх канёк – хуткае і неадкладнае рэагаванне.
—Сяргей Міхайлавіч, на працягу многіх гадоў супрацоўнікі Глыбоцкага аддзела Дэпартамента аховы “на выдатна” выконваюць усе ўскладзеныя на іх задачы. Раскажыце пра сваіх калег і работу аддзела больш падрабязна.
—Глыбоцкі аддзел Дэпартамента аховы – гэта, на сённяшні дзень, сучаснае, мабільнае і на высокім узроўні тэхнічна аснашчанае структурнае падраздзяленне. У нашым калектыве 173 чалавекі, з якіх 46 – міліцыянеры, 88 чалавек – вартаўнікі, гэта самая шматлікая служба. Ёсць яшчэ электраманцёры па абслугоўванні і мантажы абсталявання, упраўленцы і абслугоўваючы персанал. Усе нашы службы працуюць у цеснай узаемасувязі. Калектыў у нас згуртаваны, усе супрацоўнікі – сапраўдныя прафесіяналы, якасна нясуць службу, сур’ёзна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Шмат у аддзеле вопытных людзей, якія перадаюць свой вопыт маладому пакаленню.
Пад надзейнай аховай нашага падраздзялення ў горадзе і раёне знаходзяцца 432 аб’ектаў. Гэта аб’екты гандлю, прамысловыя прадпрыемствы, банкі і іншыя ўстановы і арганізацыі, а таксама асабістая маёмасць грамадзян: кватэры, дачы, прыватныя жылыя дамы, гаражы і іншыя памяшканні. Акрамя таго, нашы міліцыянеры кругласутачна патруліруюць вуліцы горада. У мінулым годзе нашымі супрацоўнікамі раскрыта 8 злачынстваў, за 9 месяцаў бягучага года выяўлена 416 фактаў адміністрацыйных правапарушэнняў, з із 43 дробных крадзяжы.
—У вялікага дружнага калетыву за гады работы склаліся, напэўна, свае традыцыі?
— Мы падтрымліваем цесную сувязь з ветэранамі. У будні і на святы – яны заўсёды з намі. Самая пільная ўвага ў нашым калектыве – супрацоўнікам і іх сем’ям. Стараемся разам адзначаць знамянальныя даты, шмат падарожнічаем. За апошнія гады пабывалі з экскурсіяй у Брэсце, Гомелі, Гродна, Мінску і нават Санкт-Пецярбургу. У нас створаныя выдатныя ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам – абсталяваная сучасная спартыўная зала. Супрацоўнікі аддзела аховы прымаюць удзел у чэмпіянатах абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы па службова-прыкладным відам спорта. Каманда аддзела неаднаразова станавілася пераможцам у службовым шматбор’і, стральбе, настольным тэнісе, рукапашным баі. За прызавыя месцы ў спаборніцтвах супрацоўнікі заахвочваюцца матэрыяльна. Усе гэтыя перамогі гавораць аб высокім узроўні фізічнай падрыхтоўкі нашых супрацоўнікаў.
Глыбоцкі аддзел актыўна ўдзельнічае ў спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах, што праводзяцца ў горадзе і раёне. У маі бягучага года, напрыклад, сям’я прапаршчыка міліцыі Дзмітрыя Шылёнка стала пераможцам раённага этапу конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я Глыбоччын”.
—Вашы пажаданні супрацоўнікам і ветэранам аддзела напярэдадні юбілейнай даты.
—Віншую ўсіх са святам! Жадаю дабрабыту, здзяйснення ўсіх задум і пачынанняў, як прафесійных, так і асабістых. Ветэранам – самая шчырая ўдзячнасць за працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Здароўя вам на многія гады, жыццёвага аптымізму і энергіі. Самыя цёплыя словы і пажаданні адрасую таксама сем’ям нашых супрацоўнікаў. Дзякуй вам за разуменне, цярпенне і падтрымку.

“Сэрца” аддзела аховы

“Сэрцам” аддзела называюць у Дэпартаменце аховы пульт цэнтралізаванага назірання, куды, як вада з маленькіх рэк у вялікую паўнаводную раку, сцякаецца ўся інфармацыя з ахоўных аб’ектаў.
—Прымаюць і апрацоўваюць усе дадзеныя нашы “совушкі”. Яны працуюць і днём, і ноччу, — расказвае начальнік райаддзела аховы Сяргей Кандзерскі. – Пульт – гэта і сапраўды “сэрца” нашага аддзела. Склалася практыка, што ў большасці падраздзяленняў аховы “на пульце” працуюць жанчыны. І ў нас таксама.
Разам з інжынерам Міхайлоўскай Людмілай Рафаілаўнай кіруемся ў пульт цэнтралізаванага назірання.
—Працоўны графік дзяжурных пульта — пазменны. Яны працуюць па 12 гадзін, — расказвае Людміла Рафаілаўна. Работа ў нашых дзяўчат адказная, ад іх уважлівасці і аператыўнасці залежыць вельмі многае. Але калектыў дзяжурных у нас вопытны, многія сітуацыі адпрацаваныя на практыцы. Больш за дваццаць гадоў працуе Жанна Баброўская і Іна Іваноўская, крыху менш – Алена Лонская, Аляксандра Кузняцова і Наталля Жалейка.
У дзень нашага візіту дзяжурыла Аляксандра Кузняцова. Яна працуе ў ахове каля дзесяці гадоў, чатыры з якіх – на адным з самых адказных участкаў. Аляксандра і расказала нам пра сваю працу.
—Магчыма, камусьці падаецца, што работа ў нас лёгкая. Але гэта толькі на першы погляд. Насамрэч – гэта вялікая адказнасць. Самае складанае – на працягу 12 гадзін дзяжурства, асабліва ноччу, трымаць увагу і быць вельмі сабранай, таму што ніколі не ведаеш, што ўбачыш на маніторы ў наступную хвіліну, — прызнаецца Аляксандра.
— А не сумна вось так на працягу дванаццаці гадзін у адзіноце за закрытымі дзвярыма? (Працоўнае месца дзяжурнага – невялікі кабінет за надзейнымі жалезнымі дзвярыма, куды чужым уваход забаронены).
— За работай не засумуеш. Інфармацыя на маніторах пастаянна змяняецца. Мы яе аналізуем і адразу перадаём адпаведным службам да выканання. Ды і ціха ў нас не бывае.
У наступную хвіліну, нібы ў пацвярджэнне слоў маёй субяседніцы, гутарку перарваў тэлефонны званок, а праз колькі секунд – гукавы сігнал.
—Трывога, — спакойна каменціруе Аляксандра. — Зараз паглядзім, што здарылася.
Аказалася, у кагосьці на дачы адключылася электрычнасць. Дзяжурная тэлефануе спачатку ўладальніку, каб высветліць магчымую прычыну, а потым — у дзяжурную часць райаддзела ўнутраных спраў, называе адрас і падрабязна апісвае аб’ект: вёска Н., драўляны жылы дом зялёнага колеру, дах з чырвонай металадахоўкай… У аддзеле, дарэчы, створана база дадзеных, дзе захоўваецца падрабязная інфармацыя і фотаздымкі кожнага аб’екта, што знаходзіцца пад аховай. Усё дзеля таго, каб правільна і хутка зарыентаваць групу затрымання ці супрацоўнікаў РАУС, каб тыя як мага хутчэй прыбылі на месца здарэння.
“Пультавая” і сапраўды месца незвычайнае. Дзяжурная са свайго працоўнага месца бачыць далёка і вельмі многае. На маніторы аднаго з камп’ютараў, напрыклад, — карта горада. Тут можна ўбачыць, дзе зараз знаходзіцца група затрымання, ці адхіляецца машына ад зададзенага маршрута. На экране другога камп’ютара фіксуецца карцінка з камер відэаназірання. З “пультавой” дзяжурная бачыць, што адбываецца на тэрыторыі і вакол адміністрацыйнага будынка аховы. На яшчэ адзін камп’ютар паступаюць сігналы з аб’ектаў. Са свайго камп’ютара дзяжурная можа сачыць за ўсімі аб’ектамі, што знаходзяцца пад аховай. Па сігналах яна ведае нават, калі і якім ключом адключаецца ці ўключаецца сігналізацыя.

Глубокое 1-65
—У рабоце дзяжурных бываюць розныя выпадкі, хоць горад у нас і невялікі. Колькі разоў мы ратавалі людзей ад пажару. У кватэры ноччу задыміўся халадзільнік, а гаспадары ўжо спалі. Ледзь не здарыўся пажар у адным з магазінаў, бо упрацоўнікі забыліся адключыць мікрахвалёвую печ. Дзякуючы аператыўным дзеянням нашых супрацоўнікаў у адным і другім выпадках была захаваная маёмасць, не пацярпелі людзі. У рэшце рэшт, менавіта дзеля гэтага мы і працуем.

На “службе” – Чара і Ярык

Чуйны нос, смеласць, розум і надзвычайная адданасць свайму гаспадару – гэта якасці, якімі надзелены нашы чацвераногія сябры — сабакі, дзякуючы якім яны і сталі незамянімымі і надзейнымі памочнікамi для праваахоўнікаў. Яны нясуць сваю “службу” побач з чалавекам. Праўда, у Дэпартамент прымаюць не ўсіх. Перш чым даручыць адказнае заданне – сабакі праходзяць сапраўдную школу – іх вучаць і выхоўваюць не менш сур’ёзна, чым чалавека. Міліцыянер, які хоча быць кінолагам, таксама паўгода вучыцца разам са шчаня. Якога выбіраюць у гадавальніку Дэпартамента шчаня і з трохмесячнага ўзросту пачынаецца доўгі працэс выхавання.
Сёння ў Глыбоцкім аддзеле Дэпартамента аховы чатыры міліцыянеры-кінолагі. Нам давялося пазнаёміцца з самымі вопытнымі супрацоўнікамі — Уладзімірам Аніськовічам і Дзмітрыем Карабановічам. Абодва нясуць службу ў Дэпартаменце больш за дзесяць гадоў. Маладая бельгійская аўчарка Чара – выхаванка Уладзіміра, ратвейлер па мянушцы Ярык – верны сябар Дзмітрыя.

Глубокое 65
—Насамрэч, выхоўваць сабаку гэтак жа складана, як чалавека, — пачынае размову Уладзімір Аніськовіч. – І вынікі залежаць ад многіх фактараў: ад тэмпераменту сабакі і яго здольнасцей, ад жадання самога выхавацеля і наяўнасці вольнага часу. Немалаважную ролю іграе радаслоўная. Калі блізкія родзічы сабакі “служылі” ў праваахоўных органах, навучыць яго, канечне, будзе прасцей.
—Працэс навучання – гэта самае цікавае. Калі сабака табе падыходзіць па тэмпераменце, характары, калі вы адразу зразумелі адзін аднаго – працэс дрэсіроўкі прыносіць задавальненне, — дадае Дзмітрый Карабановіч. — З сабакам-халерыкам, напрыклад, працаваць складаней. Але такія сабакі, калі у кінолага хопіць сілы давесці справу выхавання да канца, займаюць першыя месцы ў спаборніцтвах і ніколі не падводзяць. І яшчэ адну важную рэч трэба разумець: міліцыянер-кінолаг – гэта не пасада. Кінолагамі выпадкова не становяцца, таму што свайму вернаму сябру трэба шмат увагі ўдзяляць і на службе, і дома. Сабака становіцца не толькі напарнікам, але і членам сям’і.
Пра сваіх гадаванцаў Уладзімір і Дзмітрый могуць расказваць доўга, цікава і з такім захапленнем, што можна толькі пазайздросціць.
—Першага сабаку я купіў сам, — з усмешкай ўспамінае Уладзімір. — У мяне не было ніякага вопыту, і я чамусьці ні з кім не параіўся. Але першая паездка на вучобу паказала, што мне проста неверагодна пашчасціла. За два тыдні адбылося неверагоднае – сабака з нуля вывучыў асноўныя каманды, акрамя “поўзаць” і “голас”. Асноўная работа нашых сабак – шукаць людзей, а мой сабака добра хадзіў па слядах. Мы на абласных спаборніцтвах заваявалі з ім 3-е месца, некалькі разоў паспяхова шукалі злачынцаў. Кожны такі поспех – гэта маленькая перамога – мая, як кінолага, і сабакі. З Альфай я працаваў дзевяць гадоў.
Выбраць новага сабаку – таксама справа няпростая. Мае субяседнікі расказваюць, што хочацца выбраць такую ж, як была, ці вельмі падобную. Гэта, канечне, немагчыма: усе сабакі, як і людзі, вельмі розныя. А сваю Чару Уладзімір выбраў па вачах, у якіх, як прызнаецца, убачыў штосьці роднае. Гарэзлівая аўчарка Чара, якой усяго толькі год, і Ярык – тыповыя халерыкі. Са сваімі гадаванцамі Уладзімір Аніськовіч і Дзмітрый Карабановіч пакуль што нідзе не вызначыліся, але ў іх усё яшчэ наперадзе.

Фота аўтара

Наталля Бельская, “Веснiк Глыбоччыны”