ЗДАРЭННЕ СА СПРЫЯЛЬНЫМ ФІНАЛАМ

“Напішыце, калі ласка, удзячнасць ад майго імя супрацоўнікам Дэпартамента аховы, а таксама прахожым і аўтамабілістам, якія не праехалі міма і дапамаглі, калі прама на хаду ва Ушачах загарэлася мая машына! На мінулым тыдні ехалі з унучкай і нават адразу не заўважылі, што адбылося ўзгаранне. Шчыра кажучы, сам крыху разгубіўся, а маладыя хлопцы так аператыўна зрэагавалі на гэтую надзвычайную сітуацыю, што мы не пацярпелі, а машыне нанесены нязначны ўрон. А ўсё ж магло скончыцца не так добра. Не ведаю асабіста гэтых міліцыянераў і тых людзей, якія спыніліся дапамагчы. У тую хвіліну, канечне, не спытаў іх імён, але ж яны сапраўды заслугоўваюць добрых слоў за тое, што не засталіся абыякавымі да чужой бяды”. З такой просьбай у рэдакцыю звярнуўся жыхар гарпасёлка Леанід Мікалаевіч Слуцкі.
– У той дзень як звычайна неслі службу на сваім маршруце, – прыгадваюць міліцыянер-вадзіцель Уладзіслаў Жукаў і міліцыянер групы затрымання Мікалай Шкіндзер. – Каля пошты здалёк убачылі, што сустрэчнай машыне махаюць людзі, быццам указваючы на нейкія непаладкі. А ўжо размінаючыся зразумелі, што машына загарэлася. Ні секунды не раздумваючы спыніліся – мы ж павінны дапамагаць людзям і на службе і ў свой выхадны.
Маладыя супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы зусім не разгубіліся і дзейнічалі ўпэўнена і рашуча: дапамаглі справіцца з вогнетушыцелем уладальніку машыны і ўмела скарысталіся сваім з рабочага аўтамабіля. А пакуль у ход пайшоў трэці вогнетушыцель яшчэ аднаго аўтаўладальніка, хуценька прынеслі ваду ад магазіна “Вікторыя” і канчаткова ліквідавалі ўзгаранне.

Вольга Камаркова