Семь лет работает милиционером-водителем группы задержания в Миорском отделении охраны Денис Лакотко

 Сем гадоў працуе міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання ў Міёрскім аддзяленні аховы Дзяніс Лакотка. Знайшоў сябе ў прафесіі, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, з павагай да калег і да людзей. Ахова правапарадку ў родным горадзе, аператыўнае рэагаванне на сігналы «трывогі» з ахоўваемых аб’ектаў – асноўныя накірункі яго работы.

Ураджэнец вёскі Старыя Крукі Дзяніс Лакотка вучыўся ў мясцовай школе. Старэйшыя класы заканчваў у Міёрскай СШ № 3. Цікавасць да тэхнікі прывяла выпускніка ў Глыбоцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй на спецыяльнасць «вадзіцель катэгорыі С, муляр».

Затым служыў вадзіцелем у Смаргоньскай пагранічнай групе. Міліцыянер з удзячнасцю прыгадвае армію, дзе выхаваў у сабе дысцыплінаванасць. Гэтая рыса вельмі дапамагае ў прафесіі і жыцці.

З арміі звольніўся радавым. У Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы трапіў па прапанове сённяшняга камандзіра аддзялення Сяргея Маляўкі. Прайшоў навучанне ў Гаранях. Першы аўтамабіль, на якім выпала працаваць, была «Ніва-2121». Міліцыянер-вадзіцель прыгадвае свае выезды і ўдзячны старшаму калегу Юрыю Рубаніку за парады па кіраванні і навучанні рамонту.

На чым зараз працуеце.

– Езджу на аўтамабілі «Ніва Шэўрале». Сачыць за яго спраўнасцю трэба рэгулярна, амаль штодня заступаем на змену днём ці ноччу. Пры выбыцці на сігнал «трывогі», на выклік па заданні дзяжурнага РАУС «ластаўка» павінна давезці групу затрымання без збояў і паломак. Адказнасць вельмі вялікая.

Што найбольш складанае ў прафесіі.

– Асаблівых цяжкасцяў не бачу. Выконвай правілы дарожнага руху, тактыку дзеянняў, уважліва сачы за абстаноўкай – і справа ладзіцца. Адзінае, што ў начную змену бывае складана, бо пачынае ма-

рыць сон, асабліва пад раніцу. Патрабуецца паўгадзіны-гадзіна, каб перамагчы гэты санлівы стан.

У жніўні 2018 года Дзяніс ажаніўся. З Юліяй пазнаёміліся на рабоце. У адзін з працоўных выездаў ён суправаджаў службу аддзела прымусовага выканання, дзе яна працавала судовым выканаўцам.

Цяпер Юлія – інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС. Выхоўваюць чатырохгадовага сына Ягора.

– Сямейны адпачынак плануем па-рознаму, – дзеліцца Дзяніс. – Улетку на возера выязджаем, зімой з Ягорам на горку і ў Полацк на батуты. З сямейных святаў любім Новы год, калі тры пакаленні нашай сям’і збіраюцца за адным сталом.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ,
Фота з альбома Дзяніса ЛАКОТКІ.