Уладзімір Чаплянок — артыст на сцэне тэатра і жыцця

Фарміраванне трупы заўсёды было для тэатра Талачынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці няпростай задачаю, бо як бы хто з самадзейных артыстаў ні жадаў самарэалізавацца, заявіць пра сябе са сцэны, прыярытэтам для кожнага нязменна застаюцца праца і сям’я, а ігра ў аматарскім тэатры, развучванне роляў, наведванне рэпетыцый — гэта ўжо як атрымаецца, па меры магчымасці.

Найцяжэй знайсці акцёраў на мужчынскія ролі. Магчыма, такая дэмаграфія, а можа, прадстаўнікі моцнага полу часцей стрыманыя, не любяць публічнасці, або існуюць нейкія іншыя прычыны… Назваць іх адназначна, з упэўненасцю, рэжысёр тэатра Святлана Васільева не можа, толькі канстатуе факт дэфіцыту мужчын.

У такой сітуацыі асабліва каштоўным удзельнікам калектыву тэатра стаў Уладзімір Чаплянок, які да таго ж мае профільную адукацыю: сярод закончаных ім навучальных устаноў — культасветвучылішча па спецыяльнасці «Кіраўнік самадзейнага драматычнага калектыву».

Рознымі відамі мастацкай самадзейнасці Уладзімір Аляксандравіч захоплены з дзяцінства. Нарадзіўся ў вёсцы Раманоўка Серкавіцкага сельсавета, закончыў Анэлінскую сярэднюю школу. Успамінае, што ў вяскоўцаў тады была завядзёнка купляць дзецям гармонікі (пазней на змену ім прышлі прайгравальнікі грампласцінак, яшчэ пазней — магнітафоны). Стаў уладальнікам такога інструмента і Уладзімір, калі хадзіў дзесьці ў чавёрты клас. Глядзеў, як іграюць іншыя, спрабаваў сам, так і навучыўся. З таго часу з гармонікам не развітваецца, у тым ліку кладзе на музыку радкі ўласнага сачынення — пераважна прыпеўкі.

— Пісаць я таксама пачаў у школе, — прыгадвае Уладзімір Аляксандравіч. — Складаў вершы для насценгазеты — пясочыў нядбайных вучняў.

Хоць пасля школы Уладзімір паступіў у культасветвучылішча (у 1975 годзе), прафесійны шлях у рэшце рэшт выбраў больш прыземлены і надзейны ў сэнсе заробку — вырашыў, што трэба мець пад нагамі трывалы грунт, а творчасцю можна займацца ў вольны час дзеля ўласнага задавальнення. Таму пасля службы ва Ўзброеных Сілах (дзе, дарэчы, таксама актыўна ўдзельнічаў у мастацкай сама-дзейнасці) уладкаваўся ў міліцыю.

Шлях на сцэну суровая прафесія яму не толькі не закрыла, а нават дала новыя магчымасці для творчай самарэалізацыі: у Аршанскім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў, дзе пачаў службу, спяваў у хоры, пасля перайшоў участковым інспектарам у Копысь і там стаў удзельнікам хору мясцовага калгаса. Калі нарэшце перавёўся ў Талачынскі РАУС, хор дзейнічаў і тут. Пазней калектыў распаўся, але культурнае жыццё ў аддзеле не спынілася, у прыватнасці, штогод яго прадстаўнікі выязджалі на свае ўнутрыведамасныя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, так што гарманіст, спявак, сачыняльнік і дэкламатар заўсёды заставаўся тут вельмі запатрабаваным.

Закончыўшы школу міліцыі і юрыдычны факультэт БДУ, штодня маючы справу з самым розным спецыфічным кантынгентам — хуліганамі, п’яніцамі, зладзеямі, — Уладзімір Чаплянок не страціў творчы погляд на жыццё і здольнасць бачыць у ім прыгожае. Хутчэй наадварот — яму пастаянна даводзілася пераадольваць сябе, намаганнем волі актывізаваць патрэбныя афіцэру міліцыі псіхалагічныя якасці, не дазваляць сабе быць празмерна мяккім, сентыментальным, паблажлівым. І тут яму добра дапамагаў артыстычны кампанент яго асобы, акцёр, які заўсёды жыве ў ім:

— Працуючы з правапарушальнікамі, я выбіраў стыль узаемадзеяння з улікам індывідуальнасці кожнага з іх, напускаў на сябе патрэбны настрой, патрэбную танальнасць, і гэта давала эфект. Напрыклад, якога-небудзь слабавольнага грамадзяніна, што здзейсніў правапарушэнне, я мог як чалавека зразумець, ён мог выклікаць у мяне спачуванне ці ўсмешку, але міліцыянер з такімі павінен быць непрадузятым і строгім, і я сумленна іграў сваю ролю — так, каб больш гэты чалавек не захацеў да мяне трапляць і прыклаў усе намаганні дзеля прадухілення чарговай сустрэчы. Вобразна кажучы, стукну кулаком па стале і загадаю ісці на святло ў канцы тунэля — і чалавек ідзе. Артыст на сцэне жыцця — так я самаідэнтыфікаваўся, такое азначэнне сфармуляваў для характарыстыкі сваёй асобы, азірнуўшыся неяк на пройдзены ў прафесіі і творчасці шлях.

Пакінуўшы службу ў міліцыі пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, уладкаваўся ў Дэпартамент аховы. Працуе тут і сёння. І па-ранейшаму застаецца актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, арганізатарам гэтага напрамку жыцця калектыву. У цяперашні час, напрыклад, рыхтуецца выступіць перад калегамі са сваімі творамі на ваенную тэму з нагоды юбілею вызвлення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — фарміруе рэпертуар і рыхтуе касцюм партызана (вершы і прыпеўкі ён заўсёды любіў не проста агучваць, а падносіць тэатралізавана, у нейкім вобразе).

У 2008 годзе, яшчэ працуючы ў міліцыі, Уладзімір Аляксандравіч узначаліў паэтычную гасцёўню «Друць» Цэнтра культуры, а праз два гады стаў іграць і ў тэатры. Вопыт пераўвасаблення ў розных персанажаў на той момант ужо меў даволі багаты. Яшчэ ў школьныя гады іграў Дзеда Мароза на Новы год. Доўга заставаўся нязменным Дзедам Марозам раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, займаў у гэтым вобразе прызавыя месцы на конкурсах у Віцебску і Мінску. Некалькі разоў пабыў і Дзедам Марозам у Цэнтры культуры. З унукамі, якія жывуць у Мінску, арганізоўваў тэатралізаваную пастаноўку для школьнага конкурсу, сам выходзіў разам з імі на сцэну.

Уклад Уладзіміра Чаплянка ў дзейнасць талачынскага тэатра немагчыма пераацаніць. Ён сыграў ролі ў спектаклях «Радавыя» і «Не пакідай мяне» Аляксея Дударава, «Сказ про Федота-стрельца, удалого молодца» Леаніда Філатава, «Ад сваркі да вяселля — адзін крок» Янкі Купалы і Міхася Чарота, «Што баліць?» Лявона Агулянскага, «Таблетка ад старасці» Васіля Ткачова і іншых. Некаторыя з гэтых пастановак камедыйныя, іншыя маюць павучальны, выхаваўчы характар, спектаклі на тэму Вялікай Айчыннай вайны накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і выхаванне патрыятызму (з імі тэатр актыўна выступае перад навучэнцамі школ горада і раёна).

— Часта даводзіцца рэпеціраваць без якога-небудзь артыста, бо цяжка сабраць усіх адразу, у кагосьці, бывае, не атрымліваецца прыйсці. А Уладзімір ні разу не падвёў. Паабяцаў, што будзе, значыць, будзе, — распавядае Святлана Васільева.

— Да гэтага мяне служба прывучыла, — тлумачыць артыст. — Я нікога не павінен падводзіць, словы не павінны разыходзіцца са справамі.

— У ролю заўсёды ўваходзіць грунтоўна, перадае свайго персанажа пераканаўча, — хваліць артыста рэжысёр. — Калі ён іграе старшыню клагаса, то адразу відаць, што гэта сапраўдны старшыня калгаса. Калі палкоўніка — гэта сапраўдны палкоўнік.

Дасягнуць пераканаўчасці вобраза дапамагаюць адукацыя і асабістыя якасці, мастацкія здольнасці: на сцэне Уладзімір Чаплянок не хвалюецца, імкнецца на яе, іграе з асалодай.

Праўда, сыграўшы ў апошнім на сённяшні дзень спектаклі («Таблетка ад старасці»), ад удзелу ў наступных пастаноўках адмовіўся — вырашыў удзяляць больш увагі хатнім справам і блізкім людзям. Святлана Васільева такім рашэннем засмучана і спадзяецца, што, спачатку адпачыўшы, а пазней і засумаваўшы, артыст яшчэ вернецца.

Сяргей АБРАМОВІЧ.